Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 38

Васіль Быкаў

— Почему нет переваль? Где ест переваль?

— Хутка будзе. Хутка, — абнадзейваў дзяўчыну Іван, сам не ведаючы, колькі яшчэ трэба дабірацца да той седлавіны.

Яны зноў ішлі па ледзьве прыметнай у камяністым доле сцяжынцы. Іван ужо стаў баяцца, каб не згубіць яе — гэта было б кепска. I хлопец, слухаючы праз вецер прывычны стукат Джуліных калодак, мерным тэмпам лез і лез усё вышэй. На дужа крутых мясцінах ён прыпыняўся, чакаў дзяўчыну, падаваў ёй руку і вывалакваў угору, сам пры тым ледзьве ўтаймоўваючы ў грудзях сэрца.

А вецер шалёна шкуматаў вопратку, тугімі штурхялямі біў то ў спіну, то ў грудзі, забіваў дыханне, круціў у камянях, часта мяняючы кірунак, — не зразумець было, адкуль ён і дзьмуў.

Тым часам зусім сцямнела, грамады скал зліліся ў адну непраглядную масу, неба чорнай беспрасветнасцю самкнулася з гарамі. Стала так цёмна, што Іван пачаў аступацца, натыкацца на камяні, некалькі разоў балюча пабіў ногі, і тады першы непакой скалануў яго — дзе сцежка? Ён сагнуўся, лепей угледзеўся, абмацаў нейкі аскалёпак побач і зразумеў, што сцежка прапала, — яны заблудзілі.

Тады ён стаў, адвярнуўся ад ветру, сцяўся ўсім целам, чакаючы, пакуль падыдзе дзяўчына. Калі ж тая знямоглым сілуэтам дашкандыбала да яго, Іван кінуў: «Чакай тут», а сам адышоўся ўбок, узіраючыся ў дол. Джулія гэтую навіну ўспрыняла моўчкі, бадай што абыякава, адразу павалілася на камень і скурчылася ад ветру. Ён, душачы трывогу, ады шоўся далей, пакідаўся сюды-туды, углядаючыся ўніз і раз-пораз мацаючы дол ступнямі, — сцежкі не было. Спакваля ён пачаў заўважаць наўкола ў цемры касое няпэўнае мільгаценне, адставіў убок руку і зразумеў: то пайшоў снег. Дробненькая рэдкая крупка коса неслася з ветранае чорнае прорвы, прыскокваючы на камянях, збіралася ў ямках, шчылінах, у доле. Іван пастаяў яшчэ, аглядваючыся і напружана згадваючы, што рабіць. Снег пагусцеў, і ў доле трошкі пасвятлела ад шэрай блытаніны плям. I тады ён заўважыў непадалёк белаватую крывуліну сцежкі.

— Эй, Джулія! — ціха паклікаў ён.

Дзяўчына, аднак, не адгукнулася. Ён з прыкрасцю на душы пачакаў яшчэ трохі. Думалася: «Што яна там, ці не заснула? Вось яшчэ даў бог спадарожніка! Па бульвары б з такой шпацыраваць…»

Вецер па-ранейшаму люта буяў, снегавая крупка мільгала, шархацела на камянях, сталі заходзіцца ад золкасці ногі, рукі ён схаваў у рукавы. За пазухай слізкім холадам пёкся настылы браўнінг.

— Эй, Джулія!

Яна зноў не адказала, і ён, вылаяўшыся сам сабе, з неахвотай, асцярожна ступаючы на мокрыя сцюдзёныя камяні, пайшоў туды, дзе пакінуў яе.

Джулія сядзела на камені, скурчыўшыся ў тры пагібелі, з каленямі захінуўшыся скуранкаю. Як і ўчора, яна не азвалася, не ўзняла голаў на яго прыход, і ён няўцямна, адчуваючы вялікі клопат, спыніўся над ёю.

— Баста, Іван, — ціха прамовіла яна, не паднімаючы галавы.