Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 37

Васіль Быкаў

— Так. Хвароба зламала.

Яна далікатна выпусціла яго пальцы, зайшла крыху збоч, чакаючы, што ён скажа нешта важнае, растлумачыць тое, што не магла зразумець яна.

Але ён ужо ні аб чым не хацеў гаварыць, толькі ўздыхнуў, падумаўшы, што, відаць, лепш ёй не чуць пра ўсё складанае і труднае, што было часткай яго жыцця.

12

Так думаў ён, лезучы па крутой сцяжыне ўгору і будучы ўпэўнены, што робіць правільна. Сапраўды, хто яна, гэтая пеставатая прыгажунька, зіхатлівы асколак чужога, далёкага свету, недарэчным лёсам вайны закінутая ў фашысцкі канцлагер, — хто яна, каб выкладаць ёй яго балючае, што ў свой час адабрала столькі душэўнае сілы ў самога? Ці прыме яе, няхай сабе і добрая, сумленная дзявочая душа яго суровую праўду, у якой дай бог разабрацца самому?

Аддаўшыся роздуму, Іван ішоў спорна, таропка і не прыкмячаў часу. Джулія, пэўна, зразумеўшы, што зачапіла балючую струну ў ягонай душы, таксама зважліва змоўкла, крыху адстала, і яны доўга ішлі так — лезлі ўгору па схіле. Тым часам на бязладна-велічнае навалле гор споўз з паднябесся трывожны ветраны вечар. Горы пачалі хутка цямнець, вузела і без таго сцятая хмарамі далячынь; знік срабрысты зіхоткі бляск далёкага хрыбта, туманнае марыва дарэшты праглынула яго. На фоне трошкі прысветленага неба гіганцкім спарышом чарнела бліжняя верхавіна з крыху меншаю побач. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка.

З усёй пары сутак вечар найбольш прыгнятальна дзейнічаў на Івана. Ні ўдзень, ні ўначы, ні ўранку не было так самотна, так няўтульна-трывожна і сумна, як у часе змяркання. З усёй вастрынёй ён адчуў гэта ў гады вайны ды яшчэ ў палоне, на чужой зямлі — у бядзе, голадзе і сцюжы. У такі час асабліва востра дапякалі адзінота, бездапаможнасць, залежнасць ад бязлітаснае варожае сілы. I асабліва нясцерпна хацелася міру, дабра і роднае, блізкае душы побач.

— Іван!.. — нечакана паклікала ззаду Джулія. — Іван!

Як заўжды, яна рабіла націск на «і», гэта было непрывычна і знячэўку ажно палохала, быццам тут з’явіўся яшчэ нехта, апрача іх дваіх.

Іван здрыгануўся і прыпыніўся.

Нічога болей не кажучы, Джулія моўчкі тупала між камянёў, і ён без слоў зразумеў, у чым справа. Адразу відаць было, як стамілася яна. Ён адчуваў і па сабе, што вельмі трэба было б адпачыць, але ў гэтай завоблачнай высі было нестрывана холадна: шалёна буяў, ірваў вопратку, гуў у расселінах вецер. Вельмі зяблі на хадзе рукі, ногі дык зусім акалелі, ажно анямелі ад сцюжы. А холад усё мацнеў, як мацнеў к ночы вецер. Усёй сваёй жорсткай, сляпой сілай прырода абрушвалася на дваіх гэтых людзей. Іван дужа спяшаўся, вельмі выразна разумеючы, што начаваць тут нельга, толькі ў хадзе паратунак, і калі яны ў гэтую ноч не адолеюць перавал, то заўтра ўжо будзе позна.

— Іван, — сказала, бліжэй падышоўшы, Джулія. — Очен, очен усталь…

Ён пераступіў з нагі на нагу: ступні балелі, саднелі, заходзіліся ад сцюжы, але цяпер ён не зважаў на іх — ён заклапочана глядзеў на Джулію.

— Давай як-небудзь… Бач, хмурыцца.

З-за спарыша-вяршыні перавальвалася, асядаючы на схілах, густая, змрочная хмара. Неба ўгары пакрысе тушыла свой бляск. Цьмяна памільгала і знікла ў чорнай навалачы малюсенькая адзінокая зорка. Прыцьмеўшае наваколле — скальныя груды, адхоны, цясніны і даліны — завалакла мутная мешаніна аблокаў.