Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 36

Васіль Быкаў

— Ну, у нас не тое што ў вас, буржуяў.

— Советіка очень карашо. Эмансіпаціоне. Ліберта. Братство. Так?

— Ну.

— Очень карашо! — пранікнёна казала яна. — Джулія очен, очен уважаль Русланд. Нон фашізм. Нон гестапо. Очен карашо. Іван счастлів свой страна, да? — Яна па сцяжыне падбегла да хлопца і аберуч узялася за яго руку вышэй локця. — Скажы, Іван, как до война жіль? Какой твой дэрэвня? Слюшай, тэбя сіньоріне, дэвушка, любіль? — раптам запытала яна, з гуллівай адданасцю заглядваючы яму ў заклапочаны твар.

Іван ніякавата лыпнуў вачыма, але рукі не адабраў — ад яе пяшчотнае блізкасці ў яго нутры зашчаміла непрывычнай лагоднасцю.

— Якая там дзяўчына! Не да дзяўчат было.

— Почему так?

— Так.

— Что, плёхо жіль? Почему?

Ён спахапіўся, што сказаў не тое, — пра сваё жыццё ён не хацеў ёй гаварыць.

— Так. Рознае было.

— Ой, неправда говоріль, — хітравата скасіла яна на яго зіркастыя вочы. — Любіль мнёго сіньоріно!

— Куды там!

— Какой твой провінція? Какой место ты жіль? Москва? Кіев?

— Беларусь.

— Белорусь. Это провінція такой?

— Рэспубліка.

— Рэспубліка? Это карашо. Італія манархія. Монтэ — горы ест твой рэспубліка?

— Не. Гор няма. У нас болей лясы. Пушчы. Рэкі і азёры. Азёры самыя прыгожыя, — міжвольна аддаючыся ўспамінам, загаварыў ён. — Мая вёска Цярэшкі якраз ля двух азёр. Калі ў ціхі надвячорак зірнеш — не шалохнецца. Бы люстэрка. I лес вісіць уніз вяршалінамі. Як намалёваны. Адно — рыба плешчацца. Шчупакі — во! Што там горы!

Ён сказаў адным разам занадта многа для свайго негаваркога характару, зараз жа адчуў гэта і змоўк. Але растрывожаныя яго думкі і ўяўленні ўжо былі там — у родным далёкім краі, і цяпер, у гэтым дзікім нагрувашчанні скал, яму стала так нясцерпна самотна, як даўно ўжо не было ў палоне.

Яна, мусіць, адчула тое і, калі ён змоўк, папрасіла:

— Говорі еще. Говорі твой Белорусь.

Сонца тым часам зноў закрылася шэрым туманным воблакам.

На гладкую касагорыну з пратаптанай наўкос сцяжынай асеў шэры імклівы цень, дымчатае вільготнае клочча хутка панеслася ўпоперак схілу. Было сцюдзёна і ветрана.

Спачатку бязладна і не вельмі ахвотна, часта спыняючыся, нанава перажываючы старыя ўражанні, ён, як пра нешта далёкае, дарагое і незвычайнае, пачаў расказваць ёй пра ўсыпаныя буйнымі жалудамі дубровы, пра бабровыя хаткі на азёрах, пра сцюдзёны гаючы бярозавік вясной і пра водар чаромхавай квецені ў маі.

Даўно ўжо ён не быў такі гаваркі і адталы душой, як у гэты час, — ажно не пазнаваў сябе. Ды і яна з яе зважлівай Цікаўнасцю да ягонага роднага неяк адразу пабліжэла, нібы яны здаўна былі знаёмыя і сустрэліся пасля доўгай цяжкай ростані.

Урэшце ён змоўк. Яна патроху вызваліла яго руку і вальней узялася за шурпатыя пальцы. Спакойна спытала:

— Іван, твой мама карашо?

— Мама? Харошая.

— А іль падрэ — батіка твой?

Яна летуценна пазірала на схіл і не заўважыла, як здрыгануўся яго ўраз спахмурнелы твар.

— Не памятаю.

— Почему? — здзівілася яна і аж прыпынілася.

Ён не захацеў спыняцца, сашчэпленыя іх рукі выцягнуліся.

— Памёр бацька. Я яшчэ малы быў.

— Морто? Поміор? Почему поміор?