Читать «Альпійская балада» онлайн - страница 35

Васіль Быкаў

— Куртка ў цябе ёсць. Чаго баяцца. Манто не чакай.

Дзяўчына, чуваць было, уздыхнула і, памаўчаўшы, сказала:

— Рома Джулія многа манто імель. Фір манто — черна, бела.

Ён насцярожыўся і сцішыў крок.

— Што — чатыры манто?

— Я. Фір манто. Четыре, — удакладніла яна.

— Ты што — багатая?

Яна засмяялася.

— О, нон богата. Бедна. Політіше гефтлінг.

— Ну, не ты — бацька. Бацька хто твой?

— Батіка?

— Бацька. Ну, ацец. Фатэр. Хто ён?

— А, іль падрэ! — зразумела яна. — Іль падрэ коммерсанто. Діретторе фірма.

Ён ціха прысвіснуў — ну і ну, аказваецца, з буржуяў. «Не хапала яшчэ, каб гэты бацька аказаўся фашыстам, вось была б прагулачка ў Альпах, — выбраўшыся да сваіх, век не апраўдацца», — падумаў ён і крута азірнуўся.

— Фатэр фашыст?

— Сі, фашісто, — проста адказала Джулія, жвава зірнуўшы ў яго пасуравелыя вочы. — Начальнік міліто.

Яшчэ лепш! Чорт ведае што робіцца на свеце! Як казаў той Жук, кінеш палку ў сабаку — трапіш у фашыста. Ну і Еўропа!

Ён саступіў на край сцежкі, даў дзяўчыне параўняцца з сабой і з няўтойнай цікавасцю агледзеў яе ладненькую, цыбатую, як-колечы апранутую фігуру. Але, дзіўная справа, гэтае стракатае, з чужога пляча ўбранне ўсёй сваёй недарэчнасцю не магло зацьміць яе маладой прыроднай статнасці і пекнаты, якая праглядвала ва ўсім: і ў гнуткасці рухаў, і ў ласкавай прыгажосці твару, і ў звычцы трымаць галаву з годнасцю і грацыяй. Яна пакорліва-аддана паглядвала на яго, рукі трымала сашчэпленымі ў доўгіх рукавах скуранкі і прывычна ляскала па сцяжынцы сваімі нязграбнымі клумпес.

— А ты што ж… Таксама, можа, фашыстка? — з абвостранай унутранай чуйнасцю да яе запытаў Іван.

Дзяўчына з прытоеным папрокам кальнула яго вачыма.

— Джулія фашіста? Джулія — комуніста! — аб’явіла яна з даўно ўсвядомленай гордасцю.

— Ты?

— Я!

— Брэшаш, — пасля паўзы недаверліва сказаў ён. — Якая ты камуністка?

— Комуніста. Сі. Джулія комуніста.

— Што, уступіла? I білет быў?

— О нон. Нон латэсара. Формально нон. Моральмэнтэ комуніста.

— А, маральна! Маральна не лічыцца.

— Почему?

Ён не адказаў. Што можна было сказаць на гэта наіўнае пытанне? Каб так кожнага, хто сябе назаве камуністам, і лічыць ім, колькі б тады набралася такіх? Ды яшчэ буржуйка… Хто яе прыме ў партыю! Балбоча проста…

Трошкі прытушыўшы сваю цікавасць, Іван пайшоў хутчэй.

— У нас тады лічыцца, калі білет дадуць.

— А, Русланд! Русланд іначе. Я понімайт. Русланд советіка. Русланд свобода.