Читать «Інтэрв"ю» онлайн - страница 6

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— А калі паставіць пытанне так: ці знаёма вам пачуццё творчай няўпэўненасці?

— Не. Я ніколі не бяруся пісаць аб тым, да чаго ў мяне не ляжыць душа. Калі я ведаю, аб чым я хачу пісаць, я ведаю і як пісаць. Таму ў мяне практычна няма чарнавікоў. Ёсць толькі накіды сюжэта. Накіды гэтыя падобныя на галаваломку, сам чорт нагу зломіць. Там усё: героі, абстаноўка, планы месца дзеяння, жыллё дзейных асоб аж да таго, што відаць з кожнага акна, падрабязныя біяграфіі герояў (яны пасля не ўвойдуць у твор, але, ведаючы іх, я ведаю, як будзе паводзіць сябе чалавек у самых складаных абставінах), манеры герояў, іхнія ўчынкі і іншыя дэталі. Абдумаю як след — сядаю за стол. Калі штосьці не клеіцца, пахаджу па пакоі, пакуру, каву згатую — і зноў за работу. Слова павінна ўлезці на сваё месца адразу, як цвік. І апошняя гэта справа сто разоў выцягваць яго абцугамі і забіваць зноў.

— Уладзімір Сямёнавіч, а чаму вы назвалі свой апошні празаічны твор "Зброя" аповесцю? Ці не з'яўляецца яна своеасаблівым працягам рамана "Каласы пад сярпом тваім": галоўныя ж героі адны і тыя ж?

— Не. Гэта не працяг рамана, а яго адгалінаванне. Галоўныя героі тыя ж, але яны дзейнічаюць у іншых умовах і іншы раз не зусім так, як табе хочацца. Дзеянне адбываецца ў Маскве. Але гэта не Масква Пушкіна і Бялінскага, дзе жывуць высокімі ідэаламі ці, прынамсі, добрымі манерамі, дзе ветліва цалуюць ручкі дамам, дзе гутараць аб высокіх матэрыях, дзе пануе павага да людзей. Гэта Масква Сухараўкі і Хітрова рынка, маскоўскае дно, якое і Гіляроўскаму не снілася.

— Значыць, аповесць трэба ўспрымаць як самастойны твор, калі я не памыляюся?

— Толькі так. У нас, у Прыдняпроўі, норавы заўсёды былі і ёсць такія: калі гулянне — стаў апошні рубель, калі просіш — то ад душы, а пагражаеш каму-небудзь — яму не здабраваць! А тут Алесь трапляе ў абсалютна чужое, незразумелае яму асяроддзе, дзе можна прыгразіць і забыць, дзе на словах можна дараваць, але да смерці помніць зло і пры зручным выпадку ўдарыць. Адным словам, дзе законы такія: хочаш выжыць — умей хітрыць, выкручвацца, хлусціць.

— Але ж мэта ў Алеся і яго сяброў астаецца па-ранейшаму тая ж.

— Так, ім трэба знайсці і купіць зброю, хоць бы 3000 ружжаў для паўстанцаў. А гэта справа далёка не простая.

— Пэўна, таму аповесць называецца "Зброя", ці яе назва мае і іншую, унутрана-падтэкставую нагрузку?

— Ваша праўда, назва — сімвалічная. "Зброя" — гэта значыць, што так нельга жыць далей грамадству, у якім жыве Алесь, што наступіў час мяняць самадзяржаўны лад, што народ прыйшоў да гэтага і рыхтуе сваю зброю.

— Як растлумачылі б вы сваю нязменную цікавасць да гістарычных сюжэтаў?

— На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю матрыцу будучага. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш у нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоў, у якія трапляе гэты чалавек і праяўляецца ўвесь да канца, да тых рыс характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў у сабе?