Читать «Інтэрв"ю» онлайн - страница 7

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— А што вы скажаце пра свой раман "Чорны замак Альшанскі"? У чым побач з прыгодніцка-дэтэктыўным — і гісторыя, і сучаснасць.

— Гэта чысты дэтэктыў. І нічога больш.

— Дазвольце не згадзіцца. Ва ўсіх вашых творах (і гэты раман не выключэнне), на мой погляд, прысутнічае як характэрны ўнутраны падтэкст гісторыка-патрыятычны пачатак, які нясе ў сабе сапраўдную ўлюбёнасць ва ўсё роднае: прыроду, гісторыю і культуру Беларусі. І калі адкінуць усё гэта і глядзець на раман толькі як на займальны "чысты" дэтэктыў то, напэўна, — гэта не Караткевіч.

— А я ніколі не лічыў дэтэктывам раманы пра маёра Проніна. Дэтэктыў, калі яго разумець як трэба, гэта таксама добрая літаратура (другая справа, ці здолеў я ў "Замку" ўзняцца да яе). Перш за ўсе таму, што там не павінна быць голай схемы, па якой дзейнічаюць загадзя ясныя нам героі, а павінны быць жывыя людзі. І яшчэ павінна быць смяротная нянавісць да зла.

— Кажучы пра сувязь гісторыі і сучаснасці, я хацела б пачуць вашу думку аб тым, па якой прычыне некаторыя пісьменнікі і творы з часам "старэюць".

— Цяжка адказаць на гэта пытанне адназначна… А вы ўспомніце, колькі шэрых клетак у чалавечым мазгу. Яны стамляюцца. Яны адміраюць. Стамляецца і старэе пісьменнік, а разам з ім і чытач. Старэюць праблемы. Старэюць часы. Не так ужо рэдка бывае, што целам чалавек яшчэ малады, а душою безнадзейна стары. І наадварот. Гэта — бяда. Крыўдна і тое, што маючы ў галаве шмат новых сюжэтаў, ты не можаш, як у маладосці, сядзець за сталом па дзесяць-дванаццаць гадзін не ўстаючы… Я хачу сказаць вось што. Творы, напісаныя пісьменнікам на ўзлёце сіл, часцей за ўсе і астаюцца яго лепшымі творамі, жывуць доўга. Думаю, што мала хто цяпер стане перачытваць "Астравы ў акіяне" Хемінгуэя, але тое, што ён напісаў на ўзлёце сваіх творчых сіл — "Па кім б'е звон", "Стары і мора" — будзе хваляваць яшчэ доўга.

— Прабачце, я мела на ўвазе тое, што некаторыя пісьменнікі (або іх асобныя творы) праз гадоў 20–30, а то і менш, ужо не цікавыя і да іх не вяртаюцца. Напэўна, у маім пытанні не так прагучала слова "старэюць". Працягваючы пачатую думку, я спытала б: якія чалавечыя якасці вы больш за ўсе цэніце ў пісьменніка? Якія якасці не старэюць?

— Праўдзівасць! Ніколі не хлусі, калі пішаш. Асабліва пра дужа важныя пытанні зла і дабрыні, любві і нянавісці, смерці і бяссмерця, гуманізму і чалавеканенавісніцтва.

Але нават і ў малых дробязях дзейнічае гэты закон: не хлусі, пішы так як ёсць (другая справа, што выпадкі могуць быць неймаверныя). Усё адно: калі чагосьці не ведаеш, лепш не бярыся за пяро.