Читать «Інтэрв"ю» онлайн - страница 4

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Перш чым пачаць пiсаць, чалавек пачынае чытаць. Цi помнiце першую прачытаную вамі кнiгу?

— Шчыра кажучы, першую кнiгу не помню, таксама як i не помню сябе такога, каб не умеў чытаць. Пачаў чытаць у трохгадовым узросце: непрыкметна навучыўся ад старэйшых. Дома была вялiкая бiблiятэка, i я захапляўся мастацкай лiтаратурай, часцей за ўсё не па ўзросце. Пазнаёмiўся паступова з беларускаю, рускаю i ўкраiнскаю лiтаратурамi, пазней — з польскай.

— Зразумела ж, як i ва ўсiх, у вас былi любiмыя аўтары, любімыя творы?

— Што датычыць любiмых твораў, то iх вось так — раз i назаўсёды — няма. У кожным узросце меў улюбёнцаў i багоў. Чытаю кожнага ў залежнасцi ад настрою. Калi ён светлы — то Пушкiна, гнеўны — ранняга Купалу, Багдановiча, Шаўчэнку, калi настрой фiласофскi i грэблiва непрымiрымы да смуроду i пошласцi — проста хоць на дуэль — Лермантава, Гарэцкага i Льва Талстога, роўны — добрыя гiстарычныя раманы Сянкевiча, лепшыя рэчы Аляксея Талстога.

I, прызнаюся, хоць ведаю, што сёй-той скрывiцца, перад працай, якая патрабуе разлiчанай, завостранай думкi, вельмi люблю чытаць добрыя дэтэктывы. Сапраўды добрыя. Да iх залiчваю не толькi, скажам, творы Сiмянона i лепшыя раманы Агаты Крысцi, але й роднага па духу Стывенсана. I, калi браць вяршынi, на якiя нават дыхаць цяжка, — "Братоў Карамазавых".

— А ў каго з іх вы вучыліся пісьменніцкай справе?

— У каго вучыўся? Складанае пытанне. Бадай што, нi ў кога не вучыўся манеры і спосабу мыслення. Затое ва ўсіх вучыўся любвi да чалавека i людзей, людства i жаданню па меры сваiх слабых сiл таксама хоць крышку дапамагчы iм. Хоць бы на адно кароткае iмгненне.

Вучыўся іхняму жаданню падаць чалавеку, калі яму, можа, сумна і самотна, сігнал: "Смялей. Ты не адзін". З беларускіх пісьменнікаў вучыўся гэтаму, мабыць, найбольш у Багдановіча, Купалы, Коласа і Гарэцкага. Іншых ужо назваў. Ага… сярод іх ледзь не забыў Кіплінга. Аднак заўсёды стараюся заставацца ўсё ж самім сабою. Калі добрая думка, якая хвалявала мяне гадамі, выльецца на паперу, а пасля я сустракаю нешта падобнае і выказанае глыбей і лепей у творах іншых сучасных пісьменнікаў, адчуваю вялікае задавальненне. Гэта азначае, што думка насілася ў паветры, што так думалі і іншыя, што я не адзін.

— Што больш за ўсё хвалюе вас, калі пачынаеце працаваць над новай кнігаю?

— Думаю пра тое, каб напісаць першы аркуш без адзінай памаркі. Гэта значыць, што пасля ўсё пойдзе добра. Маё своеасаблівае правіла: я не прытрымліваюся "эстэтыкі пакрэсленага рукапісу". Любую справу трэба рабіць хвацка. Дзесяць гадоў вучыся, але калі ўзяўся за сякеру, дык сячы як належыць. Думаю над кожнаю фразаю, варочаю яе ў мазгах нават сто разоў, кожны раз мяняючы, вымаўляю яе ўголас, перабіраю мноства варыянтаў і толькі тады запісваю самую, на мой погляд, удалую, начыста і намёртва.