Читать «Інтэрв"ю» онлайн - страница 8

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Была са мной адна гісторыя: атрымліваю ліст ад аднаго чытача маёй "Чазеніі", вучонага-біёлага, які абвінавачваў мяне ў тым, што схлусіў, апісваючы эпізод з леапардам (там ён адгрызае галаву ў забітага ім звера). Маўляў, такога не бывае. Ведаю я звычкі многіх звяроў, сам шмат назіраў за імі на Далёкім Усходзе. Расказвалі мне пра такую прывычку і шматлікія палясоўшчыкі, з якімі я сустракаўся там. Але, відаць, для майго біёлога і гэтага мала. Тады мне давялося-такі палазіць па кнігах. І ўрэшце я ўсё ж знайшоў. У кнізе "Запаведнік "Кедравая падзь", выдадзенай да 50-годдзя гэтага запаведніка, я ўрэшце чорным па белым прачытаў на старонцы 43: "Интересно, что у всех его (леопарда) жертв, даже если они не полностью съедены, всегда отсутствует голова".

Кнігу гэтую, у ліку іншых, пісаў дырэктар запаведніка, мой добры знаёмы А. Панкрацьеў. Трэба пісаць так, каб не хлусіць ні ў вялікім, ні ў малым (якім бы неверагодным не было тое, пра што расказваеш). Трэба, каб табе неаглядна верылі. Тады ў цябе будзе больш шанцаў, што ты даўжэй не "састарэеш".

— Фолкнер аднойчы сказаў: "Калі хочаш даведацца, хто добры пісьменнік, запытай у яго калег, яны ўкажуць на яго сваёй непрыязнасцю". Колькі ў гэтай парадаксальнай думцы рацыі?

— Ну калі, скажам, прымяраць гэтую думку на мяне, то няма на Беларусі "горшых" пісьменнікаў, чым Барадулін і Танк, Панчанка і Брыль, або, скажам, Быкаў. Ніколі ў жыцці я не "ўказваў на іх сваёй непрыязнасцю", хоць я не ўсяедны і некаторыя іхнія рэчы могуць мне не падабацца. Гэта пісьменнікі, якія зрабілі б гонар кожнай літаратуры. А Фолкнер? Што ж, магчыма, Фолкнер па-свойму ў чымсьці мае рацыю. Гэта, мабыць, было сказана ў хвіліну цяжкага расчаравання ў сабе і ў людзях, калі на хвіліну падумаў, што праца твая дарэмная, у хвіліну, калі табе ў адказ на парыў душы адказалі ўдарам. Крывадушныя людзі не пераводзяцца.

— Уладзімір Сямёнавіч, уявіце сабе, што вас папрасілі скласці анталогію з пяці аўтараў сусветнай літаратуры. Якіх бы вы выбралі?

— Я ўжо адказаў. Гэта ўсё адно, што выбраць пяць чалавек, якіх можна ўзяць ва ўратавальную шлюпку. Толькі пяць, а астатнія загінуць. Не ўжо! Я бяру з сабою ў шлюпку ўсіх, а калі яна пры гэтым затоне разам са мною, то няхай. Нельга пакінуць кагосьці. Усе яны аднолькава пакутавалі над словам і над лёсам людзей. — Паказваючы на кніжныя паліцы, ён працягвае: — Усе яны мае любімыя пісьменнікі. Іх так шмат, і кожны з іх мне да смерці дарагі. Усе яны са мною і толькі пяцёх з іх — я не магу назваць. Вазьміце ўсіх, хто любіў людзей, мучыўся за іх і быў сумленны. Вазьміце ўсіх, хто ўзяў за правіла цудоўныя словы Дон-Кіхота: "Сеньёры, вас пяцёра і вы напалі на аднаго. Значыць, няма вашай рацыі. Бараніцеся, сеньёры!"

Усё жыццё найлепшыя з нас стараюцца быць вернымі гэтаму прынцыпу. Былі верныя. Верныя зараз. І дасць бог… будуць яшчэ.

А як гэта ўдавалася ў кожнага — хай судзяць людзі.

Гутарыла Р. Станкевіч.

Найперш — судзіць чытачу

— Уладзімір Сямёнавіч, атрыманне літаратурнай прэміі, няма сумневу — падзея для пісьменніка прыемная, радасная…