Читать «Інтэрв"ю» онлайн - страница 5

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Пра што вы пішаце, або іншымі словамі: асноўная рухаючая сіла вашай творчасці?

— Справа ў тым, што ў наш час людзі ў чымсьці нівеліруюцца. Носяць аднолькавае аддзенне, жывуць у падобных дамах, кватэрах, хатах, ядуць адны і тыя ж стравы, і побыт людзей амаль аднолькавы — ці будзе гэта ў Маскве, ці ў Мінску, у Вільні, у Рызе… Але ж кожны народ цікавы ў многім менавіта сваім спосабам жыцця, мыслення. Калі, скажам да прыкладу, узяць дзесяць тысяч аднолькавых кавалачкаў смальты і пакласці іх побач, то атрымаецца проста падлога ў ваннай, а калі кавалачкі будуць рознакаляровымі — можна зрабіць цудоўную мазаіку. Я за тое, каб кожны народ, і ў першую чаргу мой, меў свой воблік, меў свой колер, свае адценні, быў непадобны да суседа, выклікаў пачцівае здзіўленне і жаданне яму наследаваць, жыць такім самым яскравым, непадобным, страшэнна прыцягальным жыццём.

— А для каго пішаце?

— Для тых, хто любіць і чытае мяне — каб парадаваць іх. Для тых, хто не любіць — каб раззлаваць. Для тых, хто яшчэ не ведае гісторыі, даўняй культуры і літаратуры Беларусі, - каб абудзіць іх цікавасць.

— Часта сюжэты ў вас мудрагелістыя

— Так. І гэта таму, што я стараюся пражыць свой век як найцікавей, каб дзень не быў падобны на дзень. Калі працую — ну, тады, вядома, дні больш-менш аднолькавыя і розняцца толькі тым, пра што я сёння пішу, тады я проста працую без адпачынку, і днём і ноччу. А вось калі работы часова няма — то тады я іду ў мора з рыбакамі, лаўлю з імі рыбу, слухаю і прымаю ўдзел у іх размовах… Швэндаюся па самых глухіх кутках і фатаграфую (хай па-аматарску) старыя цэрквы, курганы, гарадзішчы, тыпы людзей… Еду ў іншыя гарады і прападаю там па кнігасховішчах ці ў розных цікавых людзей… Іду ў лес, раскладваю вогнішча, хаджу па вёсках, складаю ў капы сена, адным словам, працую і жыву. Трэба здымацца ў кіно ў ролі каталіцкага свяшчэнніка — здымаюся. Трэба "пагутарыць" з мядзведзем — гутару. Трэба бервяно абчасаць — умею.

— Карыстаючыся пачатай тэмай, запытаю: што вам найбольш падабаецца ў самім сабе?

— Абсалютна нічога.

— А што не падабаецца?

— Вы што, допыт мне ўчыняеце? — з усмешкаю і ўяўнай строгасцю пытае ён. — А ўвогуле, магчыма, і не падабаецца і падабаецца мая звычка ўмешвацца ў розныя справы, якія чыняцца на белым свеце. Падабаецца блукаць у такіх мясцінах, дзе яшчэ мала хто быў, апускацца ў пячоры, лазіць па падземных хадах пад старымі будынкамі, разгадваць усякага роду загадкі… І ў той жа час гэта мне не падабаецца, таму што прыносіць кучу бедаў. Нядаўна, напрыклад, два таварышы ўздумалі паўтарыць адзін апісаны мною маршрут і моцна пацярпелі там. Я прашу ў іх прабачэння і засцерагаю: перш чым узяцца за нешта такое, спытайце ў мяне. Мінулі гады і ўчора адносна бяспечнае месца можа сёння пагражаць, скажам, абвалам, ці нават нечым горшым. Не рызыкуйце там, дзе рызыкаваў я. Бо там, дзе я ішоў на рызыку, я, урэшце, адказваў толькі за самога сябе. Сабой, а не пакутамі сумлення за кагосьці.