Читать «Інтэрв"ю» онлайн - страница 3

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Як вы ацэньваеце пераклады Вашых твораў на рускую мову? (М. А. Чыжык, інжынер цэха № 17, Р. М. Махнач, эканаміст ЭМА, Т. Н. Некрашэвіч, старшы тэхнік падраздзялення № 11).

— Пераклады заўсёды некалькі страчваюць сакавітасць твора. На мой погляд, іх павінны рабіць людзі не толькі аднолькавыя па майстэрстве, але і па духу. Таму добрых перакладаў мала. Хаця ёсць і выключэнні. Безумоўна, складана знайсці такі ідэальны варыянт. А калі адносіцца да гэтага пытання не так прыдзірліва, то можна сказаць наступнае: і мае рэчы пры перакладзе ў чымсьці страчваюць, але дзесьці і выйграюць.

— Уладзімір Сямёнавіч, што з напісанага найбольш дарагое Вам? (В.І.Васілевіч, слесар цэха № 24, В. П. Саўчук, кантралёр цэха № 18, Т. А. Ярмольчык, інжынер падраздзялення № 11).

— Калі ў сям’і шмат дзяцей, то бацьку з маці цяжка аднаго кагосьці назваць больш любімым, другога — менш. Пісьменніку, відаць, таксама няпроста падзяліць створанае ім на лепшае і горшае. Мне, напрыклад, кожная створаная рэч дарагая. У любую ж з іх укладзена шмат працы, затрачана часу, аддадзены кастка жыцця.

Працуючы над тым або іншым творам, мне заўсёды хочацца аднаго: каб не аказаўся ён сумным, шэрым, непраўдападобным, каб не сорамна было перад тымі, хто яго будзе чытаць. Толькі ў такім выпадку тое, што дарагое пісьменніку, блізка да сэрца ўспрыме і чытач.

Інтэрв’ю ўзяў В. Аляшкевіч.

Любую справу рабіць хвацка

Пазнаць таямніцы мастацкага свету Уладзіміра Караткевіча без шчырай, адкрытай гаворкі з ім немагчыма. Да таго ж трэба ведаць усю яго творчасць, каб адчуць хваляванне яго аналітычнага розуму і яго імкненне да раскрыцця складаных праблем мінулага Беларусі. Часта ў творах

У. Караткевіча пераплятаецца старажытная веліч і дынаміка прыгодніцкага апавядання ў легендарна-паэтычным пераламленні гістарычнай рэальнасці. Стыль яго нагадвае мне чымсьці старажытны, амаль бязлюдны замак, як замак Яноўскіх ("Дзікае паляванне караля Стаха"), які адраджаецца майстэрскаю рукою ўлюбёнага ў справу і спрактыкаванага рэстаўратара…

Пакуль ветлівы гаспадар гатаваў каву, я, седзячы ў выгодным крэсле, магла агледзецца: у доме пiсьменнiка — асаблiвая, артыстычная ўтульнасць. На сцяне вiсяць старажытныя беларускiя скульптуры з дрэва. А з кутка мудра глядзiць на мяне Майсей — таксама драўляная скульптура, як пазней растлумачыў Уладзiмiр Караткевiч, знойдзеная проста ў балоце, у адной з шматлiкiх яго экспедыцый па роднай зямлi

…I вось ужо цёпла дымяцца кубкi, i гаркава-чорны напой схiляе да гутаркi.

— Вельмi дзiўна атрымалася са мною, — усмiхаючыся, пачынае ён. — Шчыра кажучы, я не збiраўся стаць пiсьменнiкам. Але пiсаць пачаў даўно, яшчэ ў школе. Пiсаў i вершы i прозу — у асноўным для сябе. Сёе-тое з маёй пiсанiны было змешчана ў школьным рукапiсным часопiсе. А аднойчы разам з сябрам вырашыў пабываць на радзiме нашага любiмага Янкi Купалы. Пешшу дайшлi да Вязынкi. Аб гэтым падарожжы я напiсаў i паслаў жонцы паэта Уладзiславе Францаўне лiст. Яна ўключыла яго ў зборнiк "Янка Купала. Збор матэрыялаў аб жыццi i дзейнасцi паэта". Так з'явiўся мой першы друкаваны твор… У гэтым жа годзе адзiн мой знаёмы папрасiў, каб я прыслаў яму проста так, пачытаць, свае вершы (тады я настаўнiчаў на Украiне), i ён занёс iх у "Вожык" i "Полымя". З "Вожыка" я атрымаў пiсьмо прыблiзна такога зместу: "Малады чалавек, з Вашым талентам лепш бiць i брукаваць каменне на бруку". Мяне гэта, прызнацца, не вельмi i засмуцiла. А вось у "Полымi" пасля гэтага цалкам ужо нечакана для мяне з'явiўся мой верш "Машэка", i я падумаў, што ўсё ж нешта змагу рабiць. Пасля паступова пачалi друкаваць мяне i iншыя часопiсы.