Читать «Інтэрв"ю» онлайн - страница 2

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Глыбока памыляюцца тыя, хто лічыць працу пісьменніка (няхай гэта паэт або празаік) лёгкім хлебам. У сапраўднасці выходзіць далёка не так. Тое, пра што расказвае аўтар у сваёй аповесці або рамане, ён павінен добра ведаць. Для гэтага неабходна дасканала вывучыць прадмет апісання, што часам звязана нават нават з рызыкай. Напрыклад, для дасканалага адлюстравання адной са сцэн у аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” мне прыйшлося працяглы час правесці ў Бярэзінскім запаведніку, дзе я навучыўся не толькі лавіць змей, але і “даіць” іх. Для таго, каб напісаць “Чорны заман Альшанскі”, аблазіў на Беларусі мноства руінаў, а таксама замкаў, якія захаваліся да нашых дзён. Таму ў творы гаворыцца не аб адным якімсьці з іх: Альшанскі “пабудаваны” на падставе ўсяго ўбачанага. Так і заўсёды: пісьменнік, звычайна апісваючы, скажам, адну хату, дае зборную карціну, быццам пчала, прыносячы ў вулей з многіх месцаў нектар, атрымлівае адно рэчыва — мёд.

— Даследчыкі часта называюць Вашу прозу рамантычнай. Вы згодны з дадзеным азначэннем? (Е. М. Смольская, інжынер цэха № 48, Т. В. Лузан, тэхнік АГТ завода “Электроніка”).

— Не. Гэтак жа сама, як і з тым, напрыклад, што мне неўласцівы дэтэктыў. Я імкнуся будаваць свае творы менавіта па законах гэтага жанру, каб кожная рэч не адпускала чытача ад першай да апошняй старонкі, пастаянна трымала яго ў напружанні.

Я апісваю незвычайныя, але зусім рэальныя падзеі. Магчыма, яны могуць здасца некаму дзіўнымі. Але згадзіцеся: жыццё іншы раз выкідвае такія штучкі, што сапраўды бывае цяжка паверыць у тое, што адбылося. Таму з поўным перакананнем лічу: напісанае мной ёсць не што іншае, як рэалізм. Хаця, прызнаюся шчыра, у душы я рамантык. У маладосці любіў падарожнічаць з рукзаком за плячыма, дый зараз падабаецца ўстаць на світанку і спяшацца куды-небудзь на рэчку, каб пасядзець з вудачкай на беразе, ля вогнішча перакінуцца словам са знаёмымі рыбакамі… Увогуле, люблю напаўняць свой дзень так, каб у яго ўмясцілася чацвёра сутак, а за адно жыццё можна было пражыць дзесятак жыццяў.

— Ці не здаецца Вам, што цяпер складваецца тэндэнцыя да зніжэння ролі беларускай мовы? (Т.А.Мілюціна, інжынер падраздзялення № 11, Е. В. Глазко, нарміроўшчык заводаўпраўлення завода “Электроніка”).

— Такое сапраўды назіраецца ў гутарковым маўленні жыхароў рэспублікі, асабліва ў буйных гарадах. Прычыны дадзенай з’явы сваімі каранямі ідуць у далёкае мінулае. Стагоддзямі беларусы не мелі права гаварыць, пісаць на роднай мове. Гэта выклікала да яе абыякавасць. Аднак сёння, думаецца, мы павінны быць вышэй за тыя гістарычныя акалічнасці. На Далёкім Усходзе, у сібірскай тайзе ў вёсках жывуць беларусы, продкі якіх пасяліліся тут 100–150 гадоў назад. І яны размаўляюць па-беларуску. Таму я веру, што наша мова будзе жыць доўга. Беларускі ж народ напалову з гакам з вёсак, маленькіх мястэчак. І пакуль, прабачце, беларуская баба стаіць каля печы (або зараз ужо ля газавай пліты), нам няма чаго баяцца, што мы забудзем родную мову. А калі сур’ёзна, то многае залежыць ад кожнага з нас, ад нашых адносін да сваёй культурнай спадчыны.