Читать «П"яўка» онлайн - страница 4
Юры Станкевіч
У той жа дзень я з’ехаў з былой кватэры, эканомячы грошы і часова пасяліўся ў цяперашняй мансардзе высотнага састарэлага будынка. Адзінай перавагай майго новага, непрацяглага да гэтага часу жытла, было тое, што я, дзякуючы сваёй раптоўнай вынаходлівасці, дадумаўся адразу зрабіць на балкончыку вадасцёк, і з даху ў пластыкавую ёмістасць у час рэдкіх, заўжды кіслотных дажджоў, сцякала вада, якую пасля кіпячэння можна было нават піць. Вады, якая каштавала вялікіх грошай, паўсюдна не хапала, і за яе раз-пораз нават забівалі.
На маёй крэдытнай картцы яшчэ заставалася сёе-тое з грошай, але становішча маё пагаршалася з кожным днём. Трэба было рыхтавацца да ад’езду, а знайсці якую працу ў паселішчах вакол горада было амаль немагчыма, але я, урэшце, пэўна, стоік, і гэта мяне ўратоўвае.
У той вечар пачуццё голаду, як заўсёды, адхіліла мяне ад маіх змрочных думак і прымусіла дзейнічаць. Лядоўня была пустая, і я пачаў апранацца. Вечар быў неабавязковы ў сэнсе сустрэч з кімнебудзь ці якіх асабістых спраў, і я вырашыў спусціцца ўніз.
Але мяне падсвядома непакоіў нейкі дыскамфорт: урэшце я ўспомніў — трэба неадкладна знішчыць “клапа” на шкле, пра яго я мог і запамятаваць, а гэта заўсёды небяспечна. Пра абстрэл імплантантамі для падслушкі ведалі, пэўна, усе, тым не менш, многія на гэтым пагарэлі, і справы скончыліся лагерам.
Я асцярожна адчыніў акно, аперазаў сябе вяроўкай, якую прывязаў да ножкі стала, і, перавесіўшы цела вонкі, неўзабаве намацаў на шкле празрысты пухірок. Я выцягнуў яго і раструшчыў нагой на падлозе. Цяпер можна было займацца іншым.