Читать «П"яўка» онлайн - страница 3
Юры Станкевіч
Апісваючы ў хроніцы тое, што ён бачыў і з большага даследаваў, аўтар не ўзводзіць нейкіх ілюзій у адносінах да свайго твора і ведае, што яго непрадузятыя чытачы, а калі такія знойдуцца, то, магчыма, падзеляцца на непрыхільнікаў яго, як даследчыка і апісальніка, і аднадумцаў. Але ж так адбываецца заўсёды, калі пішуць хіба што для сябе, ды, можа, тых нешматлікіх аднадумцаў, якія зразумеюць паімкненні аўтара; і не дзеля нават прывіднай будучыні, а дзеля пошукаў той ісціны, што пагрозліва хаваецца ад усіх нас у цемры.
Частка I. ЭДЭМ
1.
Капсула імплантанта знешняй праслушкі са слабым плескачом прыляпілася да шкла звонку. Такімі капсуламі перыядычна аб-
стрэльвалі з вуліцы ўсе вокны са спецыяльна абсталяваных ма-
шын. Пэўна, дворнічыха паведаміла ўжо каму належыць, што ў мансардзе пасяліліся.
Я адразу прачнуўся. Урэшце, я проста драмаў. Пакаёвая муха ачуняла ад вібрацыі, з істэрычным віскам казытнула мой твар і бязладна закружыла пад столлю.
Я ненавіджу мух.
І яшчэ я ненавіджу “людзей-ценяў”. Зброд іх цёмны і вырод — не-на-ві-джу.
У сваім часовым пакойчыку ў мансардзе, а простае маё жытло мела прымітыўную электронную сігналізацыю, абудзіўшыся, я ляжаў на канапе, на хвіліну аддаўшыся думкам.
Летні вечар — адзін з самых спякотных і задушлівых — мусіў, між тым, праз некалькі гадзін ператварыцца ў ноч. Нябачнае ў вэлюме смогу сонца заходзіла над Мегаполісам. Стомлены, я перадусім задрамаў, накрыты вільготным прасцірадлам, якое дасыхала проста на мне, і сон, які я сасніў, быў непрацяглы, цяжкі і хваравіты, якімі большай часткай і бываюць сны на захадзе сонца.
Я прачнуўся, бо да таго ж пачаў задыхацца ад недахопу кіслароду: кандыцыянер старога ўзору не працаваў, але адчыніць акно я не рызыкаваў з-за смогу, бо да таго ж, пэўна, быў бы і непазбежна атакаваны жамярой.
Я ляжаў, і думкі мае вяла цяклі адна за адной. Зрэдку я дазваляў сабе такія вось некалькі хвілін “без сэнсу — сны, маркоты, мары”, як калісьці пісаў старажытны паэт — гэта, калі расслаблена аддаешся плыні часу, блукаючы дзесьці побач з безданню.
Адразу скажу, што я ніякі не містык, бачу свет у дастаткова матэрыялістычным уяўленні і лічу, як маністы, розум адзіным фізічным органам, хоць ведаю, што прыхільнікі дуалістычнай школы лічаць яго пазаматэрыяльным: урэшце, у святле апошніх, нават дазволеных распрацовак блытаніны толькі пабольшала.
Недаз-воленыя ж вельмі жорстка праследуюцца.
Дарэчы, пераслед днямі напаткаў і мяне. Некалькі год таму я здолеў уладкавацца на службу ачысткі камунікацый і жылых раёнаў у якасці дробнага чыноўніка. Засмечанасць да гэтага часу стала ўжо планетарнай праблемай. Больш за ўсіх цярпелі ад яе невялікія еўрапейскія рэгіёны, абітальнікі якіх не маглі абараніць сябе ад суседзяў. З нагоды маёй службы, а ў рэшце рэшт я быў звычайны смяцяр, да мяне ў рукі, хоць і вельмі рэдка, але траплялі (пэўна, па недаглядзе) некаторыя забароненыя кнігі, выдадзеныя яшчэ да Вялікіх Падзей. Кнігі абывацелі, як правіла, знішчалі, але часам выкідвалі ад граху падалей на звалкі ці проста ў сметніцы. Я не здаваў іх службе бяспекі ці напрамую свайму начальству, а за невялікі хабар, які прапаноўваў смеццязборшчыкам, часам нахабна, хоць і разыкоўна, прыкішэньваў, што пагражала мне тэрмінам у фільтрацыйна-папраўчым лагеры. Гэтыя некаторыя старажытныя экземпляры, а кнігамі зараз ніхто не карыстаецца, я старанна прыводзіў у парадак і хаваў у сваёй папярэдняй кватэры, якую здымаў раней у адным з бяднейшых кварталаў, змайстраваўшы ў шафе падвоенае дно. Змест часткі з іх, які ўтрымліваў доказы ці хаця б намёк на іх, я перакачаў на флэшку, схаваць якую было не так ужо і складана. Кніга ж, на якой я неабачліва папаўся, сунуўшы яе ў кішэню дажджавіка, які пакінуў у раздзявалцы і дзе яе адразу вышукала і данесла ў органы гардэробшчыца-штучнік, была даволі нявінным дзённікам фрэйліны Арнгейм. Аўтарка, якая жыла некалькі стагоддзяў назад і служыла пры двары, знаёміла чытача з заходнееўрапейскім пунктам гледжання на Усходнюю імперыю XVII стагоддзя, натуральна апісваючы п’янства, кроў і бруд, назіраючы ўсё гэта і заносячы на паперу не па-жаночы вострым і дапытлівым зрокам. Тэкст кнігі быў далёкі нават ад самых туманных намёкаў на доказы, але мяне, нягледзячы на запэўніванні ў тым, што я нёс кнігу на так званую абавязковую канвертырызацыю, звольнілі са службы і ўзялі падпіску, паставіўшы ў маёй асабістай картцы-пасведчанні адмысловы штамп, што я ў месячны тэрмін пакіну Мегаполіс і, на свой клопат, уладкуюся ў правінцыі, не пражываючы бліжэй ад горада за сто кіламетраў. З боку ўлад гэта было даволі мяккім пакараннем. Аспрэчваць яго не мела сэнсу.