Читать «П"яўка» онлайн - страница 5
Юры Станкевіч
Перад тым як выбрацца са свайго прытулку ў вонкавы свет, я падышоў да люстэрка і прыкінуў, як мне хоць крыху змяніць аблічча. Дарэчы, мяне завуць Берташ Яновіч. Я — белы. Вышэй ся-рэдняга росту — дзесьці каля ста дзевяноста сантыметраў, валасы ў мяне русыя, вочы шэрыя, лоб шырокі, але нізкі, нос прамы, падбародак звычайны. Мае продкі з гэтых мясцін і, наколькі я ведаю, збольшага захоўвалі этнічную чысціню. Але зараз такія, як я, — нешматлікія адзінкі на вуліцах Мегаполіса і часам выклікаюць да сябе неадэкватныя адносіны: знянацку цябе могуць зняважыць словам, а то і пырнуць нажом. І калі нажавая рана можа загаіцца, то абраза ў вы-глядзе слова — ніколі. Супраціў жорстка падаўляўся, а іншадумцаў, як у маім выпадку, высылалі ў так званыя Выхаваўчыя Паселішчы — сельскагаспадарчыя кластэры, дзе сасланыя альбо працавалі пад прымусам, альбо былі проста кінутыя на волю лёсу і асабістых здольнасцей да выжывання ў экстрыме.
Я ніколі не скарджуся на сваю інтуіцыю, можа, дзякуючы ёй, я мажліва і выжыў на мінулай вайне. Якраз цяпер яна, інтуіцыя, чамусьці ўпарта перасцерагала мяне, дасылаючы сігналы аб небяспецы. Калі ж больш дакладна, то ў мяне днямі з’явілася пачуццё, што за мной пачалася адсочка, і таму я вырашыў злёгку мяняць сваю знешнасць — такое часта спрацоўвае, збівае з толку тых, хто за табой сочыць. Чаму цяпер, меркаваў я, мне не паспрабаваць зноў стаць адным з большасці?
Я знайшоў на паліцы адмысловы крэм, які раней набыў у тэатральнай краме, выціснуў крыху з цюбіка на далонь і ўцёр на скуру, з-за чаго твар набыў карычневы колер, потым тое ж паўтарыў і з тыльным бокам далоняў. Цяпер, калі на лоб нізка насунуць капялюш, на вочы — акуляры, апрануць кашулю з даўгімі рукавамі, то можна сысці і за “каляровага” — ва ўсялякім разе станеш непрыкметным у натоўпе. Менавіта так пра гэта калісьці і выказаўся старажытны філосаф: “Будзь непрыкметны”. Лічыцца, што Эпікур меў на ўвазе зусім іншае, але зараз я ў гэтым сумняваюся.
У апошні момант я, пасля роздуму, сунуў у кішэню, спачатку праверыўшы перасцерагальнік, свой рэвальвер старога ўзору, забраў “надалоннік” — кішэнны , магнітную картку-пропуск і, зачыніўшы дзверы, зайшоў у ліфт. Ліфт працаваў.
Унізе я праверыў паштовую скрыню з нумарам маёй кватэры, але яна аказалася пустая. Тым не менш, мяне гэта не заспакоіла, бо дзень таму, хоць жыву тут лічаныя гадзіны, я знайшоў у ёй канверт без адраса. З канверта, які я адразу ускрыў, я выцягнуў папяровы аркушык, на якім выявіў толькі два словы і лічбу. Словы і лічбу я запомніў, а паперку адразу знішчыў. Урэшце такія паперкі маглі ўкінуць не толькі ў маю, а і ў любую іншую паштовую скрыню. На паперцы было напісана звычайнай асадкай:
Я занепакоіўся таму, што сам, вядома, ананімна, вяду ў Сеціве асабісты блог, а гэта, у залежнасці ад тэмы запісаў, можа каштаваць, у лепшым выпадку, свабоды, а фільтрацыйна-папраўчы лагер — не паселішча, якое ў параўнанні з ім лічыцца курортам, а месца, якое з неверагоднай хуткасцю скарочвае жыццё нават самага фізічна здаровага чалавека з самай устойлівай нервовай сістэмай. З-за недахопу грошай, рэштку якіх я абачліва эканоміў, я не ўваходзіў у Сеціва ўжо некалькі дзён, але паперку трымаў у памяці, адклаўшы ўсё на потым.