Читать «П"яўка» онлайн - страница 2
Юры Станкевіч
Колькасць людзей на Зямлі за кошт каляровых рас нязначна павялічылася, але і ў іх адбываецца канчатковае расслаенне, пра якое калісьці папярэджвалі мысліцелі мінулых стагоддзяў, толькі з дакладнасцю маятніка, бо ўладарства над заселеным светам — спачатку яго дробнымі часткамі, а потым паўсюдна, захапілі сфарміраваўшы сваю квазіэліту, так званыя “людзі-цені”, існаванне якіх прадбачліва выказалі філосафы, даследчыкі, трансгуманісты і навукоўцы мінулых стагоддзяў, але пра гэта гаворка ніжэй.
Сапраўдная ж эліта трапіла не толькі пад прыхаваны генацыд, а праз якія дзесяцігоддзі пачалося і яе фізічнае знішчэнне. Новыя псеўдаэлітарныя карпарацыі спарадзілі сучасных “квазіэлояў”, якія працягваюць ствараць падтрымліваючыя тэхналогіі толькі дзеля таго, каб прадоўжыць сваё існаванне: так званых “надлюдзей” і “падлюдзей”, альбо “працаробаў”, якія выконваюць у асноўным спрошчаную кваліфікацыйную працу ў прамысловай вытворчасці і ў галіне сельскай гаспадаркі, куды новыя гаспадары часам гвалтоўна выцясняюць і найбольш разумных і цэласных асобаў, якіх у асноўным беспамылкова вылічаюць з дапамогай сеткі інфмарматараў і сілавых структур.
У сувязі з усім гэтым усё больш выразна пачынае выкрэслівацца адзіны варыянт далейшага развіцця — сістэмная катастрофа з хуткай пагібеллю спачатку культуры пануючай эліты, а потым і так званых “падлюдзей”. Далей — ва ўсялякім разе, што будзе, напрыклад, праз два-тры дзесяцігоддзі, мала хто сабе ўяўляе, ну, магчыма, акрамя тых, хто можа прадбачыць і зазірнуць за гэты рубеж (і такіх, дарэчы, няшмат), ды яшчэ рэдкіх сэнсітываў ды некаторых прадстаўнікоў мастацтва, і даследчыкаў, да якіх, магчыма, хоць і з малой доляй вырагоднасці, належыць і ваш пакорны слуга. Але прагназіроўка і разглашэнне навуковых і агульнагуманітарных адкрыццяў пачала жорстка кантралявацца і дагэтуль кантралюецца “людзьмі-ценямі” — новай шматлікай транснацыянальнай псеўдаэлітай, якая не хацела і не хоча вакол сябе нават часовай дэстабілізацыі грамадства.
Асаблівую занепакоенасць існуючых уладаў выклікалі і выклікаюць некаторыя калянавуковыя ідэі існавання нашага Сусвету і чалавека ў ім. Усплываючыя сенсацыйныя доказы іх раз за разам аб’яўляліся і аб’яўляюцца вар’яцкімі, ілжэнавуковымі, а носьбіты іх жорстка караюцца. Тлумачыцца гэта быццам тым, што вышэйназваныя ідэі не павінны быць зразуметымі масамі (як быццам такое можа адбыцца, і якімі масамі, дарэчы?), інакш, магчыма, не працягнецца далей спроба кіравання чалавекам, а зародзіцца, з вялікай доляй верагоднасці, новая глабальная метафізічная мутацыя, пра выніковыя наступствы якой можна толькі меркаваць, а наша цяпе-рашняя цывілізацыя адразу пачне з падвоенай хуткасцю і непрадказальнасцю страчваць антро-паморфнасць і абрынецца ў хаос.