Читать «П"яўка» онлайн - страница 22

Юры Станкевіч

Я хутка кеміў і ведаў за сабой гэтую немалаважную якасць.

Ланцужок нейронаў у маёй галаве, пэўна, перасталяваўся належным чынам, бо праз некалькі секунд я ўзнавіў у памяці бягучы радок з экрана тэлевізара, і ўспомніў фрагмент тэксту.

Няўжо гэта так?

“Замах на былога сакратара ідэалагічнага аддзела партыі Бессмяротнасці. Забітыя двое ахоўнікаў і нападаўшы. Ёхан Цынк застаўся жывы”.

“Дык гэта вы з вашым сябрам Платонам зрабілі замах на Ёхана Цынка?” — вырвалася ў мяне.

Жанчына знерухомела.

“Вы што — чытаеце думкі?” “Дык, гэта вы дадумаліся?”

“А вы лічыце, што той варты жыцця?” — адказала яна пытаннем на пытанне.

“Мне напляваць, — шчыра сказаў я, — але, ці трэба падстаўляцца пад кулі з-за нейкіх дзяржаўных клапоў? Дарэчы, чыя гэта была ідэя і навошта было ісці на яе выкананне непадрыхтаваўшыся як след?” “Вось вы б схадзілі?” “А што гэта дасць? “Людзей-ценяў” большасць”.

Але тут я замаўчаў, бо спрэчка ў такі момант была бэссэнсоўная, а зрабіў нешта такое, на што б адразу не рашыўся ў іншай сітуацыі.

Я сеў з ёй побач і абняў яе за плечы, са шкадобай заўважыўшы, што яе цела ўсё яшчэ нервова здрыгвалася пад маімі далонямі.

“У цябе знойдзецца што-небудзь з транквілікаў?” — спытала яна, гледзячы ў падлогу і перайшоўшы на “ты”.

Не. Я іх не ўжываю.

З дапамогай маіх пытанняў яна паступова паведаміла ўсё, што адбылося з імі за апошнія суткі. Платон, як я павінен быў здагадвацца, з’яўляўся чальцом невядомай мне забароненай рады-кальнай суполкі. Як дарэчы, і яна, Мойра. Як я збольшага ведаў, у краіне дзейнічаюць ці, наад-варот, чакаюць у кансервацыі свайго часу, неардынарныя, сур’ёзныя людзі, не аперэтачныя змагары на словах, а жорсткія выканаўцы, якіх улады, выявіўшы, адразу скіроўваюць у фільтрацыйна-папраўчыя лагеры, дзе і знішчаюць.

“Платон не падзяліўся са мной сваімі планамі пасля сумеснага наведвання вас, спадар Берташ, але вы яго нечым цікавілі, і ён прыходзіў адмыслова, а мне, як толькі выйшлі ад вас, параіў чакаць яго ў адным з трэцеразрадных гатэляў, патлумачыўшы, што, калі не вернецца праз некалькі гадзін, то варта ехаць у

Новы Эдэм самастойна, ну, і калі наш новы знаёмы Берташ Яновіч (гэта значыць я) дасць згоду, то дабірацца туды разам, а яго не чакаць”.

Праз нейкі час яна даведалася з тэлехронікі пра замах і адразу пазнала ў нападаўшым Платона. Нагадвалі і яе прыкметы. Уцячы яму не ўдалося, і ён, ужо забіты, згарэў у машыне. Магчыма, ён збярог яе жыццё. Цяпер, закончыла жанчына свой аповяд, яна, вядома, не хоча падстаўляць мяне, бо я і так, па сутнасці, выгнаннік, такі ж, як і яна, — і праз гадзіну яна пойдзе, бо, верагодна, яе шукаюць.

“Дык і ты высланая?” — спытаў я.

“Так. Амаль усе, хто працаваў з тваім бацькам, былі праз нейкі час пакараныя. Мяне саслалі ў Эдэм”.

“Пабудзеш у мяне, пакуль усё супакоіцца, — сказаў я, — а потым мы, верагодна, рушым у паселішча. Я прымаю вашу прапанову”.

“Дзякуй. Я не памылілася ў табе. Думаю вось, чым бы аддзячыць”.

“Не клапаціся”.

“Ты натурал?” — нечакана пацікавілася яна, па-ранейшаму седзячы на канапе і не падымаючы галавы.