Читать «П"яўка» онлайн - страница 184
Юры Станкевіч
Я скасіў вочы ад дарогі і зноў убачыў яе профіль, які нагадаў мне малюнкі старажытных мастакоў эпохі Адраджэння. Праўда, цяпер такі тып жанчыны не меў поспеху.
“Можа, праз некалькі гадзін мы нават пабачым дзікіх птушак, — сказаў я з доляй летуценнасці, — альбо рэчку ці возера”.
Але яна думала пра нешта сваё, бо раптам спытала: “Ёхан Цынк баяўся памерці?”
Я здзівіўся, але не падаў выгляду.
“Так. Але гэта было нядоўга. Ён проста не паспеў спужацца”.
“Але ж ці варта было тады яго забіваць? Яму зрабілі палёгку, бо смерць была нечаканая. Калі б ён нават доўга жыў і далей, то больш пакутаваў бы: ад хвароб, маразму, пролежняў, катэтараў, нетрымання мачы і — страху смерці”.
“У цябе з’явіліся сумненні, Мойра?” “Навошта ты карыстаешся ягонымі грашыма?”
Я паціснуў плячыма: я чакаў гэтага пытання. Вось, значыць, чаму яна камплексуе, падумаў я.
“Тут маральнасць — умоўная рэч. Усё, што яму падобныя нажылі, здабывалася хітрасцю, под-ласцю, хцівасцю, а то і сілай”.
“Я больш не хачу нікога забіваць”.
“І я б з задавальненнем абмежаваўся ўпыром, якога мы працялі асінавым колам, але ёсць людзі, якія на парадак больш небяспечныя: з-за такіх ты і зараз баішся цемры. “Людзі-цені”.
Але цяпер, мяркую, мы пачнём сваё жыццё, як кажуць, з чыстага аркуша. Я спачатку прадам сваю стужку, а потым здабуду яшчэ грошай”.
“А нас там чакаюць, куды мы едзем? Хіба не робім мы ўсё наўздагад?” “Я быў раней у тых месцах. Мяне пасылалі па службовых справах. Уладкуемся, тым больш, што заставацца — больш не выпадае”.
“А як даўно ты там быў?”
“Некалькі год таму. Але я не думаю, што там нешта адчувальна змянілася. Я бачыў азёры і нават рэчку, а ў ёй рыбін. За рэчкай стаяў лес і ў ім спявалі птушкі. Ты ж, пэўна, чытала пра такое ў старажытных кнігах і бачыла старыя відэаі кінастужкі?” “А мятлікі там лёталі?”
“Так”, — пацвердзіў я, хоць і не памятаў пра такое, бо з маленства не бачыў ні мятліка, ні стра-казы, ні пчалы, ні чмяля. Толькі мух.
Але ж цяпер мне хацелася верыць ва ўсё гэта і самому. Мая мара была блізкая да здзяйснення.
“Так хочацца пабачыць усё тое, Берташ. Я неяк глядзела забароненыя дакументальныя стужкі. Паказвалі моры, акіяны, рэкі, лясы. У іх было шмат жывёл, рыбы, птушак. Я назірала цудоўныя мясціны”.
Мой аптымізм раптам даў збой.
“Рэальнасць не можа быць занадта цудоўнай, бо гэта ўжо падазрона, — абачліва ўсумніўся я. — Можа ўсё гэта бутафорыя?
Але мы не ў стане выбіраць. А тым больш — пасля Непажаданых
Падзей усё імкліва змянілася”.
“Але ж мы едзем да аднаго з такіх месцаў? Ты казаў, што там будзе возера, а вакол лес”.
“Так, — супакоіў я яе. — Урэшце, усё роўна трэба некуды ехаць.
І ў нешта верыць”.
“Ты і далей будзеш збіраць доказы, Берташ?” “Магчыма, хоць гэта, мяркую, нічога не зменіць”.
“Па-твойму, мы ўсе і наваколле — сатканыя з нейкіх лічбаў, слоў, знакаў, сімвалаў, вобразаў?”