Читать «П"яўка» онлайн - страница 175
Юры Станкевіч
“Я з вамі. Мне, да слова, патрэбны мой “джып”. Без яго я не чалавек”.
“Я — з Берташам”, — сказала Мойра.
Ад яе слоў, хоць я і чакаў іх, мне раптам стала хоць і трывожна, але і цёпла на сэрцы.
“Я з вамі, — рашуча вымавіў і Андруш. — Гэх, пэўна, зусім скончылася наша спакойнае жыццё”.
“А ваш доказ, Берташ? Вы пакінулі стужку ў паселішчы? Там, пэўна, быў шмон, — спытаў мяне Маркус. — Мы так і не пабачым, як вы “мачылі” ўпыра?”
“Флэшку я на ўсялякі выпадак ўшываю ў каўнер, — патлумачыў я, — яна пры мне і зараз. Да цемнаты ў нас ёсць час, а стужку можна прагледзець і праз надалоннік. Але, мяркую, цяпер не да гэтага”.
“Значыць, вы разабраліся з “п’яўкай”, — сказаў Юліус Гармата.
Адно вока ў яго было сіняга колеру і зліплася. — Што ж, віншую.
Ваша мэта спраўдзілася”.
“Мая мэта яшчэ наперадзе”, — адказаў я і зірнуў на Мойру. Тая сядзела, абхапіўшы голаў рукамі. Пэўна, пачаўся адкат, нявесела падумаў я. Не так ужо і проста пазбаўляць жыцця людзей, нават у наш жорсткі час, хоць бы і “людзей-ценяў”.
“Дык ваша ідэя пацвердзілася? — неспадзявана страпянуўся
Публій Рос, — і згодна з ёй, упыр усё-такі існуе?”
“Як, магчыма, і ваша, — рассеяна адказаў я, — бо ў прывідным свеце могуць існаваць любыя ідэі, і ваша ў тым ліку, і нават усе разам”.
Мы вылезлі з пікапа. Месца было пустыннае. Зараснікі, усеяныя валунамі палеткі, пустазелле. Далей на даляглядзе я пабачыў усё тыя ж дымы звалак. Бадай, суседні кластэр быў побач. Па чарзе мы выкапалі магілу, у якой і пахавалі Людвіка.
“Што ж, — урэшце заключыў Маркус, — нашыя планы часткова змяніліся, але ў асноўным вя-домыя кожнаму. Я жадаю ўсім удачы і — давайце развітвацца”.
Мы паціснулі адзін аднаму рукі, і я ўбачыў, як пастар Себасцьян, Юліус Гармата і Публій Рос пайшлі па засмечанай дарозе: спачатку марудна, часта спыняючыся і аб нечым перамаўляючыся паміж сабой, акадэмік нават азірнуўся і памахаў нам забінтаванай рукой, а пасля шпарчэй, і неўзабаве згубіліся ў дымным мроіве. Чамусьці я са смуткам адчуў, што нікога з іх больш не ўбачу.
empty* * *empty
З наступам ночы і мы з Мойрай, а таксама Маркус і Андруш асцярожка вярнуліся ў межы паселішча.
“Увогуле, — сказаў нам з Мойрай напаследак Маркус, — будзьце вельмі абачлівыя на новым месцы, і калі што, вяртайцеся, але пазней, бо ў нас тут зараз наступаюць, як мне здаецца, цяжкія часы, і цалкам верагодна, што і нам з нашымі сябрамі давядзецца адсюль знікаць”.
“Бывайце, Маркус”.
“Андруш”.
“І вы, Берташ. І вы, Мойра”.
Нішто ў наваколлі не нагадвала нам якіх незвычайных падзей: у цемры на звалках там-сям дыміліся вогнішчы, рытмічна грукалі барабаны, зрэдку ўдалечыні раз-пораз гучалі чыесьці пранізлівыя крыкі, а потым сціхалі — усё было, як заўсёды ў апошні час, хіба толькі зрэдку на-сустрач траплялі купкі ўзброеных дэфармантак і адурманеных наркатой крымінальнікаў — звычайна з трох, чатырох чалавек, сярод якіх, як правіла, прысутнічала і жанчына — апошніх ніхто не чапаў, іх адразу пабольшала ў сувязі з чарговай амністыяй, і мы, як параіў раней Маркус, па магчымасці, імкнуліся цяпер збольшага ўсіх абмінаць.