Читать «П"яўка» онлайн - страница 174

Юры Станкевіч

Па дарозе Мойра зрабіла перавязку Публію Росу. Перадусім мы ўправілі яму палец на руцэ, і ён, сціснуўшы зубы, вытрымаў гэтае няпростае выпрабаванне.

empty* * *empty

Праз нейкі час мы спыніліся. Былыя вязні амаль нічога не елі, але бясконца пілі ваду. Маркус планаваў адвезці ўсіх траіх у суседняе паселішча, дзе ў яго былі надзейныя сябры і магчымасць выправіць кожнаму новыя дакументы, але на гэтую прапанову згадзіўся толькі пастар Себасцьян. Мастак Юліус Гармата паведаміў, што мае намер забраць з Мегаполіса жонку з дачкой і перайсці з імі мяжу — такая магчымасць у яго ёсць. Толькі Публій Рос непахісна аб’явіў, што вернецца на сваё старое месца і будзе працаваць, як і раней.

“Гэта, калі вам дазволяць”, — сказаў яму Маркус. “А хто будзе даваць той дазвол?” “Мы.” “Мяне забралі несправядліва”.

“Мы не можам вас адправіць у Мегаполіс”.

“Чаму?” — абурыўся Публій Рос.

“Таму што вас непазбежна возьмуць зноў і вы можаце раскалоцца пры паўторных катаваннях, а я не магу рызыкаваць сабой і ўсімі намі, вы павінны зразумець нас правільна”.

“Куды ж мне дзявацца?” “Вырашайце зараз”.

Акадэмік на хвіліну задумаўся.

“Тады я разам з пастарам Себасцьянам,” — урэшце аб’явіў ён.

Маркус згодна кіўнуў.

“Да суседняга кластэра мы вас траіх падвязём, падключым сваіх сяброў, а далей дзейнічайце па абставінах. Але спачатку трэба пахаваць Людвіка. Не варта вазіць яго з сабой”.

“Хацеў бы я ведаць: на гэтай зямлі чалавечае жыццё мела нейкую вартасць?” — ні да каго не звяртаючыся, раптам сказаў пастар Себасцьян.

“Калі яно здольнае на супраціў. І нават тады, калі твая радзіма патапілася ў гноі. Праўда, Бер-таш?” — нявесела ўсміхнуўся

Маркус.

Думкі мае перапыніў сігнал надалонніка. Званілі Маркусу і, як я адразу здагадаўся, зноў яго інфарматар. Сувязь была аднабаковай, непрацяглай і заняла каля трыццаці секунд, пасля чаго перапынілася. Я зразумеў, што адбылося нешта незвычайнае, хутчэй за ўсё — непрыемнае, і — не памыліўся.

Жорсткі твар Маркуса яшчэ больш пацямнеў. З хвіліну ён сядзеў моўчкі, думаў, а потым звярнуўся да нас.

“Сітуацыя змянілася, — сказаў ён. — Як мне толькі што паведаміў наш чалавек, на паўночным баку звалак, пад ачапленнем дэфармантак з“Гідры”, “працаробы”выкапалі траншэі.

Адначасова пачаліся арышты, але Васка Петкавіч, астатнія нашыя сябры былі папярэджаны літаральна за паўгадзіны і паспелі перакінуцца на нелегалку. За кожным з вас, хто сядзіць цяпер побач, і за мной, акрамя пастара, мастака і акадэміка, таксама прыходзілі. Месца магчымай страты, а таксама дваццаць першы барак і паселішча з раніцы ачэплена дэфарманткамі і мясцовай службай бяспекі. Зараз мы павінны тэрмінова вырашыць, што рабіць далей”.

З хвіліну мы маўчалі, ашаломленыя непрадказальнасцю падзей. Урэшце, Маркус сказаў: “Мы можам рассыпацца, як пясок. Кожны будзе дзейнічаць асобна, а Берташу з Мойрай варта з’ехаць, як яны і планавалі. Хто думае інакш?” “А вы самі вернецеся ў Эдэм?” — спытаў я Маркуса. “Ноччу. У мяне ёсць намер дапамагчы нашым сябрам”.