Читать «П"яўка» онлайн - страница 177

Юры Станкевіч

усчыналі крык, уцякалі, зачыняліся ў пакоях. Дык вось, якраз перад тым, як з’явіліся гэтыя сучкі з аўтаматамі, Тодар выйшаў увечары на падворак: можа па ваду, а можа проста так, ці па патрэбе, і ўбачыў, як за ім крадзецца нейкая постаць. Ён і кінуў у яе самаробную бомбу. Тая выбухнула і прывід пачаў гарэць.” “Вось як? — здзівіўся я. — І што далей?” “Аказалася, што гэта быў не прывід, а жывы чалавек. А дакладней — віжун. Ён цікаваў той ноччу за баракам.” “А потым?” “Потым была разборка. Прыехалі людзі палкоўніка, схапілі

Тодара і некуды павезлі. Так я яго і не пабачыў. А ўсіх мужчын скіравалі ў “мавіз”.”

Вось яно што, падумаў я. Значыць Тодар усё-такі выкарыстаў “кактэйль Молатава”, хоць і не па прызначэнні. А тое, як з ім абышліся — дык няма тут нічога дзіўнага. Фрэйліна Арнгейм магла б занатаваць у нашых краях і не такое.

“Паслухай Жан, — спытаў я, — ты ведаеш Гвіда?” “Не пытайце, ён вельмі небяспечны, яго баяцца. Я не скажу.” “А дзе ён жыве? Можа, успомніш?” “Не ўспомню”.

Я выцягнуў з кішэні грашовы жэтон.

“А цяпер?”

Вочы яго сквапна бліснулі.

“Дзе зараз яго лежка — дакладна не ведаю, ён цёмны і непрадказальны, часта начуе ў розных баб, але, куды ён загнаў ваш джып — магу падказаць”.

“І куды?” “У стары танкавы бокс за звалкай”.

Я падрабязна распытаў яго, дзе менавіта знаходзіцца былы танкавы бокс, а ў гэтых месцах калісьці, з паўстагоддзя назад, існаваў вайсковы гарнізон, і аддаў абяцаныя грошы. Жан таропка схапіў іх і адразу зачыніў акно.

Што ж, варта было ставіць, як кажуць, апошнюю кропку. Я сабраў сумкі, куды мы разам з Мой-рай паклалі ўсё неабходнае, пакінуў ёй аўтамат і папрасіў дачакацца мяне, а сам, захапіўшы “берэту” і нож, рушыў з флігеля вонкі. Мойра спрабавала пайсці са мной, але я не захацеў: “Адчуеш небяспеку — страляй”.

Частка IX ДУХ ЦЕМРЫ

32.

Ноч была звычайная, але нешта ў наваколлі змянілася. Не чувалася віску малалетак і крумкаючых галасоў “працаробаў”, крыкаў аб дапамозе, на вуліцы было нязвыкла сцішана, толькі ў небе мільгацела зарава ад далёкіх вогнішчаў. Я вызначыў накірунак, куды мне трэба было ісці, але акрэсленага плана дзеянняў у мяне пакуль не існавала: хіба што дабрацца да танкавых боксаў і паспрабаваць адбіць сілай ці зноў скрасці свой пазадарожнік у тых, хто яго ўгнаў. У Гвіда шмат памагатых, —

думаў я, — ці ён зрабіў угон сам? Проціўгоннае прыстасаванне на маёй машыне было старога ўзору, распрацаванае яшчэ ў пачатку стагоддзя, і абясшкодзіць яго з дапамогай электроннага блока, які выкарыстоўваюць крымінальнікі, так званай “завадзілкі”, не складала асаблівых намаганняў.