Читать «П"яўка» онлайн - страница 172

Юры Станкевіч

“Дзе ключы?” — спытаў яго Маркус і падштурхнуў у спіну. — Адчыняй!”

Эсбэшнік з гатоўнасцю заківаў, выцягнуў з кішэні ключы і працягнуў іх Людвіку. Яго трэсла. Я заспяшаўся да Мойры. Пэўна, у гэты момант мы ўсе страцілі пільнасць, бо ззаду я пачуў крык Маркуса: “Сцеражыся!”, і адразу грымнула аўтаматная чарга, але яна была прыглушаная, і я зразумеў — стралялі знутры кузава аўтазака. Там знаходзіўся яшчэ адзін ахоўнік, і Людвік, які неабдумана адчыніў кузаў, зрашэчаны кулямі, памёр імгненна.

Якраз у гэты момант на бальшаку, быццам ніадкуль, з’явілася белае аўто і пачало імкліва набліжацца: старая, але даволі хуткасная мадэль “Мерседэса”, чым не прамінуў скарыстацца абяззброены намі перадусім эсбэшнік з аўтазака. Раптам ён скочыў убок і спрытна, нібы стара-жытная жывёла кенгуру, паімчаў праз дарогу і знік бы на звалцы, каб не Маркус, які заваліў яго аўтаматнай чаргой. Усё у нас, тым не менш, пайшло ўжо наперакасяк. Не губляючы з поля зроку “Мерседэс”, які пачаў рэзка тармазіць, я кінуўся ў кабіну аўтазака і выбіў дзяржаннем “берэты” назіральнае шкло ў салон, дзе знаходзіліся вязні і ўзброены ахоўнік. Я моцна рызыкаваў: ён мог, калі б у яго быў час на роздум, стрэліць, асабліва не целячыся, проста мне ў галаву, бо я небяспечна зазірнуў унутр. Але замест гэтага ён выскачыў з кузава, паласнуўшы ад жывата перад сабой аўтаматнай чаргой, што было ягонай памылкай, бо ён больш не кантраляваў сітуацыю. У святле ад расчыненых дзвярэй я пабачыў цьмяныя постаці прыкаваных ланцугамі да жалезнай стойкі людзей у аўтазаку, і таксама скочыў на гравійку. Я вельмі баяўся, што ахоўнік падстрэліць Мойру ці Андруша альбо яшчэ каго з нашых, але ўсё адбылося па-іншаму. Ён, а гэта аказаўся мускулісты і нізкарослы, увесь парослы чорнай шчэццю мацак-дэфармант, паспеў выпусціць дзве-тры кулі, цэлячыся ў Маркуса, але на яго збоку кінуўся Андруш, і яны пакаціліся па зямлі. Белы “Мерседэс” пад пранізлівы віск тармазоў разварочваўся, між тым, на дарозе, каб павярнуць назад — на месцы яго ўладальніка гэта было, бадай, адзінае правільнае рашэнне. Усё гэта я ўспрымаў краем вока, бо заспяшаўся на дапамогу Андрушу, і — своечасова, бо гарбузагаловы выпусціў з рук непатрэбны яму ў рукапашцы аўтамат і выхапіў нож. Яшчэ секунда, і Андрушу прыйшлося б вельмі кепска, калі б я не падскочыў усутыч і з размаху апусціў на галаву ахоўніка пісталет. Дэфармант адкінуўся дагары і страціў прытомнасць. Я крыкнуў Андрушу, каб той яго абяззброіў і звязаў, а сам пабег да аўтазака. Маркус апярэдзіў мяне. Праз паўхвіліны мы ўжо вызвалілі пастара Себасцьяна, мастатка Юліуса Гармату і навукоўцу Публія Роса. Усе былі жывыя, але, як я заўважыў, моцна збітыя і са слядамі катаванняў.

“Хутчэй! — прыспешваў нас Маркус. — Забярыце Людвіка! Мы не адны на дарозе!”

Мы вызвалілі вязняў ад кайданкоў, і я абняў усіх траіх. Андруш хутка абшукаў кабіну, адагнаў аўтазак пад адхон, і той марудна абсунуўся ўніз, уткнуўшыся ў смецце.