Читать «П"яўка» онлайн - страница 171

Юры Станкевіч

Яны не спыніліся. Урэшце, што ім была якаясьці параненая белая жанчына на дарозе? Навошта лішнія клопаты? “Лексус” узвыў рухавіком, аб’ехаў па ўзбочыне “псеўдапараненую” і памчаў далей. Я ўздыхнуў з палёгкай, але раслабляцца было яшчэ зарана.

На дарозе ўрэшце ўзнік аўтазак. Дзесьці ў глыбіні яго пузатага чэрава, падумаў я, знемагаюць цяпер нашыя сябры. Усё пакуль складвалася ў масць: у аўтазаку вырашаць, што, магчыма, жанчыну збіў “лексус”. Толькі, ці спыняцца яны? Грузавік па сваіх памерах значна шырэйшы за “лексус”, і аб’ехаць ахвяру здарэння, якая ляжала пасярэдзіне гравійкі, яму было не так і проста, хоць, як я небеспадстаўна здагадваўся, па інструкцыі ім забаранялася спыняцца ў такіх і падобных выпадках.

Ён спыніўся. Рухавік, тым не менш, працаваў і ўзмоцненыя дзверцы кабіны доўга не адчыняліся: знутры ацэньвалі абстаноўку. Вядома, на іх пункт погляду, месца было не вельмі зручнае для прыпынку — агляд заміналі некалькі ялін, за якімі прыгадваўся адхон, а ў ім мог хавацца іх верагодны праціўнік, з бакоў смеццевыя завалы, а далей адразу дарога рабіла імклівы паварот. Але нікога з нас і пікап яны не бачылі, бо інакш рашуча скіравалі б далей. Я глядзеў у ліхаманкавым нецярпенні.

Дзверца кабіны з другога боку ад вадзіцеля адчынілася, і на зямлю, азіраючыся, скочыў узброены аўтаматам мурын у камуфляжнай форме. Трымаючы аўтамат напагатоў, ён падышоў да жанчыны і, зноў падазрона агледзеўшыся, нахіліўся на ёю. Я пачуў, як Мойра нешта сказала яму, але слоў не разабраў. Раптам ён паклаў зброю на зямлю і, апусціўшыся на адно калена, правёў рукой па яе бядру, так што ногі яе яшчэ больш агаліліся, і, памацаўшы далонню чырвоную пляму ад кетчупу, раптам паднёс руку да твару і прынюхаўся. Жэст яго, які спачатку меў яўную сексуальную скіраванасць, і не без садысцкага адцення, скончыўся раптоўным спалохам: пэўна, на ўзроўні падсвядомасці ён здагадаўся, што зведзены ў зман.

Больш чакаць было нельга, і я выскачыў на дарогу, гадаючы ў думках, ці паспее ён падхапіць з зямлі свой аўтамат. Але ў гэты момант у паветры суха хлопнула два разы, і я пабачыў, што страляла Мойра. Першая куля, пэўна, прайшла побач з эсбэшнікам, а вось другая патрапіла яму ў твар, пад вока. Яго адкінула назад, ён схапіўся рукамі за галаву і дзіка крыкнуў, абліваючыся крывёю. Я кінуўся да машыны, але мяне апярэдзіў Людвік. Другі ахоўнік, які сядзеў унутры машыны — дужы азіят, увесь распісаны тату — памкнуўся было захлопнуць дзверы, але не паспеў. З іншага боку да грузавіка падбег Андруш, і эсбэшніка абяззброілі і выцягнулі з кабіны вонкі.