Читать «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» онлайн - страница 115

Даніэль Дэфо

Але, вядома, у тысячу разоў больш патрэбна была мне адзежа. І таму я бясконца ўзрадаваўся, калі выявілася, што мой сябар капітан прывёз мне паўтузіна новых, зусім чыстых сарочак, шэсць цудоўных хусцінак на шыю, дзве пары пальчатак, капялюш, чаравікі, панчохі і свой выдатны, зусім новы яшчэ гарнітур — словам, ён апрануў мяне з галавы да ног.

Падарунак быў прыемны і вельмі карысны, але вы не можаце сабе ўявіць, які быў у мяне няўклюдны выгляд, калі я апрануўся ў новы гарнітур, як мне на першым часе было ў ім нязручна!

Закончыўшы агляд падарункаў, я загадаў занесці іх у маю крэпасць і пачаў раіцца з капітанам, як нам абысціся з нашымі палоннымі: забраць іх з сабою ці пакінуць тут.

— Браць іх з сабою вельмі небяспечна, — казаў капітан. — Гэта сапраўдныя галаварэзы. Асабліва ненадзейныя двое з іх, непапраўныя зладзеі і разбойнікі. Калі б я нават і рызыкнуў везці іх на сваім караблі, то не інакш як арыштантаў. Я закаваў бы іх у кайданы і аддаў бы ў рукі судовых улад у першай жа ангельскай калоніі, у якую давядзецца нам зайсці.

— У такім выпадку, — сказаў я капітану, — лепей будзе пакінуць іх тут. І я бяруся зрабіць так, што гэтыя два разбойнікі самі пачнуць нас упрошваць, каб мы пакінулі іх на выспе.

— Калі вам гэта ўдасца, буду вельмі задаволены, — адказаў капітан.

— Добра, — сказаў я, — я зараз пагавару з імі ад вашага імя.

Затым я паклікаў да сябе Пятніцу і двух матросаў-закладнікаў (якіх мы цяпер вызвалілі, бо таварышы іх стрымалі слова, якое давалі) і загадаў ім перавесці пяцярых нашых палонных з пячоры ў будан.

Праз некаторы час мы з капітанам накіраваліся туды (я ў сваім новым гарнітуры і на гэты раз ужо ў якасці начальніка выспы). Падышоўшы да агароджы майго лецішча, я загадаў вывесці да сябе арыштаваных і сказаў ім наступнае:

— Мне вядомы ўсе вашы злачынствы. Я ведаю, што вы напалі на безабаронных пасажыраў і забілі іх. Ведаю і тое, што вы хацелі зрабіцца піратамі, каб рабаваць мірныя караблі… Цяпер ведайце, што па майму загаду карабель вернуты капітану. Варта мне загадаць — і вас павесяць як разбойнікаў, злоўленых на месцы злачынства. Таму, калі ў вас ёсць што сказаць у сваё апраўданне, кажыце, бо я маю намер пакараць вас як забойцаў і здраднікаў.

Адзін з іх адказаў за ўсіх, што ім няма чаго сказаць у сваё апраўданне.

— Але, калі нас арыштавалі, капітан абяцаў нам літасць, і мы пакорна молім вас зміласцівіцца над намі і дараваць нам жыццё.

— Я не ведаю, якую літасць я здолею зрабіць для вас, — адказаў я. — Я маю намер пакінуць выспу з усімі маімі людзьмі: мы ад'язджаем на радзіму. Што ж датычыць вас, то паводле слоў капітана ён павінен закаваць вас у кайданы і, прыехаўшы ў Ангельшчыну, аддаць вас пад суд за здраду. А суд адразу ж вынесе вам смяротны прысуд. Іншага прысуду і быць не можа. Смерць на шыбеніцы — вось што чакае вас у Ангельшчыне. І таму наўрад ці будзеце вы задаволены, калі мы возьмем вас з сабою. У вас ёсць адно выратаванне — вы павінны застацца на выспе. Толькі пры гэтай умове я здолею вас памілаваць.