Читать «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» онлайн - страница 113
Даніэль Дэфо
Пяцярым закладнікам, якія сядзелі ў пячоры, я вырашыў ні ў чым не патураць. Два разы ў дзень Пятніца насіў ім ежу і ваду і сам карміў іх, таму што мы нават не развязалі ім рукі. Астатнім жа мы далі некаторае паслабленне.
Гэтым двум я вырашыў нарэшце паказацца. Я прыйшоў да іх разам з капітанам. Ён сказаў ім, што я — давераная асоба начальніка выспы, які даручыў мне нагляд за ваеннапалоннымі, таму яны не маюць права нікуды адлучацца без майго дазволу, і пры першай жа спробе непаслушэнства іх закуюць у кайданы і пасадзяць у губернатарскую крэпасць.
З гэтага часу я ні разу не паказваўся палонным у якасці начальніка выспы, а заўсёды як яго давераная асоба, прычым кожны раз я нагадваў пра начальніка, пра гарнізон, пра гарматы і крэпасць.
Цяпер заставалася толькі падрыхтавацца да будучай бітвы: старанна адрамантаваць абедзве лодкі, прыладзіць снасці і прызначыць каманду на кожную з іх.
Усе гэтыя клопаты я ўсклаў на капітана.
Ён прызначыў камандзірам шлюпкі свайго пасажыра і даў яму чатырох чалавек; сам жа капітан, яго памочнік і з ім пяцёра матросаў складалі экіпаж баркаса. Капітан сцвярджаў (зусім справядліва), што лепш за ўсё падысці да карабля ў цемры, і ў бліжэйшы ж вечар адчаліў ад берага.
Калі апоўначы на караблі пачулі ўсплёскі вёсел і, паводле марскога звычаю, аклікнулі шлюпку, капітан загадаў Джымі Рою, каб ён адзін адгукнуўся, а астатнія каб маўчалі.
Джымі Рой крыкнуў, што ён прывёз усіх матросаў, але прыпазніўся, бо доўга шукаў іх, а потым пачаў падрабязна плесці і выдумляць розныя байкі наконт гэтага.
Пакуль ён балбатаў такім чынам, баркас і шлюпка прычалілі да борта.
Капітан і яго памочнік першыя ўскочылі на палубу са зброяй у руках і адразу ж збілі з ног ударамі прыкладаў двух піратаў, якія, ні аб чым не здагадваючыся, выйшлі ім насустрач; выявілася, што гэта карабельны цясляр і другі памочнік капітана, якія перайшлі на бок піратаў.
Увесь капітанскі атрад дзейнічаў дружна і адважна. Усе матросы, што знаходзіліся на палубе, былі схоплены, пасля чаго капітан загадаў замкнуць люкі, каб усіх астатніх затрымаць унізе.
Тым часам падаспелі камандзір і матросы другой шлюпкі; яны занялі ход у карабельную кухню і ўзялі ў палон яшчэ трох чалавек.
Калі на палубе і на шканцах[24] не засталося ўжо ніводнага ворага, капітан загадаў свайму памочніку ўзяць трох чалавек з каманды і пайсці ўзламаць дзверы галоўнай каюты, дзе, пачуўшы першыя гукі трывогі, замкнуўся новы капітан, абраны піратамі, і з ім два матросы і юнга.
Яны паспелі захапіць з сабой зброю, так што, калі памочнік капітана са сваімі людзьмі высадзілі дзверы каюты, іх сустрэлі стралянінай. Памочніку раздрабіла руку мушкетнай куляй, двух матросаў таксама параніла, але ніхто не быў забіты.
Памочнік капітана крыкнуў: «На дапамогу!» Не звяртаючы ўвагі на сваю цяжкую рану, ён уварваўся ў каюту з пісталетам у руцэ і прастрэліў новаму капітану галаву. Той зваліўся, не паспеўшы прамовіць і слова: куля трапіла яму ў рот. Пасля гэтага астатнія здаліся без бою, так што больш не пралілося ні кроплі крыві.