Читать «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» онлайн - страница 116
Даніэль Дэфо
Яны з радасцю згадзіліся на маю прапанову і доўга дзякавалі мне.
— Лепей жыць у пустыні, — казалі яны, — чым вярнуцца на радзіму, дзе нас чакае шыбеніца.
Я загадаў развязаць іх і сказаў:
— Ідзіце ў лес на тое месца, дзе вас схапілі, і заставайцеся там, пакуль па вас не прышлюць. Я загадаю пакінуць вам сякую-такую зброю, харчовыя запасы і дам неабходныя ўказанні на першы час. Вы здолееце цудоўна тут жыць, калі будзеце настойліва працаваць.
Пасля гэтых перагавораў я вярнуўся дадому і пачаў рыхтавацца ў далёкае плаванне. Я, аднак, папярэдзіў капітана, што мне спатрэбіцца некаторы час, каб сабрацца ў дарогу, і папрасіў яго адпраўляцца на карабель аднаго, без мяне, а раніцой прыслаць па мяне шлюпку.
Калі капітан адчаліў, я загадаў паклікаць да сябе палонных і завёў з імі сур'ёзную гутарку.
Я зноў сказаў ім, што, па-мойму, яны робяць разумна, застаючыся на выспе, таму што калі б капітан узяў іх з сабою, іх абавязкова павесілі б.
Я падрабязна расказаў ім, як я сам трапіў на гэтую выспу, як патроху паляпшаў сваю гаспадарку, як збіраў вінаград, як сеяў рыс і ячмень, як навучыўся пячы хлеб.
Я паказаў ім сваё ўмацаванне, свае каморы, свае палі і загоны — словам, зрабіў для іх усё, каб жыццё іх на выспе не здавалася такім цяжкім.
Я пакінуў ім сваю зброю (гэта значыць пяць мушкетаў, тры паляўнічыя стрэльбы і тры шаблі), паўтары бочачкі пораху і даў падрабязныя парады, як даглядаць коз, як даіць і адкормліваць іх, каб яны былі тлусцейшыя, як рабіць масла і сыр.
Такім чынам, мне давялося расказаць гэтым людзям усю доўгую гісторыю майго цяжкага, працавітага і адзінокага жыцця на выспе на працягу дваццаці васьмі год.
Развітваючыся з імі, я абяцаў, што папрашу капітана пакінуць ім яшчэ дзве бочачкі пораху, а таксама насенне гародніны, і расказаў ім, як цяжка было без гэтага насення.
Мех гароху, які капітан прывёз мне, каб я ўжываў яго ў ежу, я таксама аддаў ім і пры гэтым параіў выкарыстаць для пасеву ўвесь гарох, каб яго потым было больш.
Пасля гэтай гутаркі я на другі ж дзень, раніцой, перабраўся на карабель.
Хоць нам і вельмі не цярпелася хутчэй падняць ветразі і рушыць у далёкае плаванне, усё-такі на якары мы прастаялі яшчэ цэлыя суткі.
На другі дзень раніцой мы ўбачылі, што да карабля плывуць два чалавекі. Выявілася, што гэта двое з тых пяцярых, якіх мы пакінулі на выспе.
— Вазьміце нас з сабою! — крычалі яны. — Лепей павесьце нас, толькі не пакідайце на выспе! Там усё роўна нас заб'юць.
У адказ на іх просьбу капітан заявіў, што не можа ўзяць іх без майго дазволу. У рэшце рэшт, прымусіўшы іх даць урачыстую прысягу, што яны выправяцца і будуць паводзіць сябе добра, мы ўзялі іх на карабель.
Паколькі неўзабаве пачаўся прыліў, на бераг была адпраўлена шлюпка з рэчамі, якія я абяцаў пасяленцам. Да гэтых рэчаў капітан дадаў, па маёй просьбе, скрыню, напакаваную рознай адзежай. Яны ўзялі гэты падарунак з вялікай удзячнасцю.
Трэба сказаць, што, развітваючыся з імі, я даў слова, што не забуду пра іх і што, калі толькі ў якім-небудзь порце мы сустрэнем карабель, шлях якога будзе ляжаць паўз маю выспу, я папрашу капітана таго карабля зайсці па іх і забраць у родныя краі.