Читать «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» онлайн - страница 117
Даніэль Дэфо
Калі я пакідаў гэтую выспу, я ўзяў з сабою на памяць вялікую востраканечную шапку, якую я ўласнаручна пашыў з казінага футра, парасон і аднаго з маіх папугаяў.
Не забыў я ўзяць і грошы, але яны так доўга ляжалі ў мяне без ужытку, што зусім пацямнелі.
Толькі старанна пачысціўшы іх, можна было ўбачыць, што гэта срэбра. Прыхапіў я таксама і залатыя манеты, якія знайшоў на разбітым гішпанскім караблі.
Як я потым удакладніў па карабельным журнале, мой ад'езд адбыўся 19 снежня 1686 года. Такім чынам, я пражыў на выспе дваццаць восем год, два месяцы і дзевятнаццаць дзён.
Вецер быў спадарожны. Карабель імчаўся на ўсіх ветразях. Мне было радасна думаць, што з кожнай хвілінай я ўсё бліжэй да родных берагоў. Калі ж нарэшце паказаліся ў туманнай далечыні белыя скалы радзімы, якую я не бачыў столькі гадоў, я ледзь не страціў розум ад хвалявання і шчасця. Я толькі тое і рабіў, што падбягаў да капітана і крычаў: «Хутчэй! Хутчэй!»
Як толькі мы кінулі якар, я развітаўся з усімі маімі спадарожнікамі і ў суправаджэнні адданага Пятніцы заспяшаўся ў той горад, дзе прайшло маё дзяцінства. Бацькоў я ўжо не спадзяваўся ўбачыць жывымі. Бо нават у тую далёкую пару, калі я ўпершыню толькі адплываў у далёкія краі, яны былі такія старыя і слабыя, а з таго часу мінулі дзесяткі гадоў!
Вось і наша вуліца, вось і наш стары дом, які я так безразважна пакінуў. Са здзіўленнем сустрэлі мяне жыхары гэтага дома, калі я, усхваляваны да слёз, паведаміў, хто я такі. У першы момант мне не паверылі, але калі ўпэўніліся, што я сапраўды Рабінзон Круза, мяне ледзь не задушылі ў абдымках. Асабліва ўзрадаваліся мне мае сёстры і іх дзеці — хлапчукі і дзяўчаткі, якія ніколі раней не бачылі мяне. Усе даўно лічылі, што я памёр, і цяпер глядзелі на мяне, як на дзіва, нібыта я ўваскрэс з магілы.
Пасля першых прывітанняў і абдымкаў усе наперабой пачалі распытваць, дзе я прападаў столькі гадоў, што я бачыў у заморскіх краінах, якія былі ў мяне прыгоды, і хто такі Пятніца, і адкуль узялася ў мяне такая дзівосная вастраверхая шапка, і чаму ў мяне такія доўгія валасы і такі загарэлы твар. Калі я ўбачыў, што іх распытванням не будзе канца, я пасадзіў іх усіх, і дарослых, і дзяцей, ля каміна і пачаў падрабязна расказваць ім усё тое, пра што напісана тут, у гэтай кнізе. Яны слухалі мяне з вялікім захапленнем. Распавядаў я з раніцы да ночы, а папугай сядзеў у мяне на плечуку і часта перабіваў маё апавяданне выгукамі:
— Робін, Робін, Робін Круза! Шчаслівы Робін Круза! Куды ты трапіў, Робін Круза? Куды ты трапіў? Дзе ты быў?
Примечания
1
Фок-мачта — пярэдняя мачта.
2
Грот-мачта — сярэдняя мачта.
3
Фут — ангельская мера даўжыні, каля адной трэці метра.
4
Фунт стэрлінгаў — грашовая адзінка ў Ангельшчыне.
5
Міля — мера даўжыні каля 1609 метраў.
6
Маўры — паўночнаафрыканскія арабы-мусульмане.
7
Легчы ў дрэйф — размясціць ветразі на судне так, каб яно заставалася амаль нерухомым.