Читать «Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)» онлайн - страница 16

Ян Борщевский

Даведаўшыся пра гэта, прафесура i ксёндз-прэфект колькi разоў неспадзявана прыходзiлi да яго ў пакой, рабiлi заўвагi, забiралi кнiжкi, на яго вачах кiдалi iх у агонь, а самому прызначалi кару. Але праз гэта ён адно зрабiўся асцярожны, добра хаваў забароненыя кнiжкi i пасля прачытання нiкому нiчога не расказваў.

Калi ён закончыў курс навук, меўся вярнуцца дахаты i здзiвiць свет сваёй адукаванасцю; развiтаўшыся з настаўнiкамi, ён з прыяцелямi пайшоў да Драўлянага Дзядка.

- Скажы, галава мудрага Сакрата, - пытаецца, - цi шмат фiласофскiх твораў я ўжо прачытаў?

- Шмат, шмат, - адказаў Дзядок, - а яшчэ больш прачытаеш, але ў канцы жыцця будзеш найдурнейшы i памрэш дурнем.

Усе, хто там быў, засмяялiся. Шкаляр жа раззлавана плюнуў.

- Лухту вярзе пустая драўляная галава, - сказаў ён i пайшоў.

Пасялiўшыся ў вёсцы, ён не шкадаваў грошай на сваю бiблiятэку. Купляў фiласофскiя творы на розных мовах без разбору. Моладзi, якая часта збiралася ў яго, каб паслухаць пра высокiя матэрыi, ён апавядаў пра цуды, тлумачыў таямнiцы прыроды, якiх сам не разумеў, i быў вядомы там як вучоны чалавек, сапраўдны фiлосаф.

Ён знайшоў сабе яшчэ асiстэнта, нейкага чужаземца (таксама фiлосафа), добра яму плацiў i стварыў усялякiя выгоды. А той, хвалячы яго, называў генiем у фiласофii i, карыстаючыся з яго лёгкавернасцi, дадаваў да свае дурное фiласофii яшчэ i блюзнерствы.

Хутка малады фiлосаф заганарыўся, лiчыў сябе за выдатную асобу, пазiраў на ўсiх людзей, як глядзяць з горнае вяршынi на мурашак.

Аднойчы ў нядзелю, пасмiхаючыся, Фiлосаф запытаўся ў свайго таварыша:

- А цi паедзем мы сёння ў касцёл?

- Што там рабiць у касцёле, хiба, можа, табе трэба з кiмсьцi пабачыцца?

- Я хацеў бы сустрэць сяго-таго з суседзяў i запрасiць iх да сябе.

- То добра. На гэта шмат часу не трэба.

Прыехалi на iмшу. Святыня поўная вернiкаў. Фiлосаф выскачыў з карэты, заходзiць у касцёл, i калi стаў пасярод натоўпу - дзiва нечуванае! - дзе ягоныя шырокiя плечы i высачэзны рост? Вокамгненна стаў ён такi маленькi, як драўляная дзiцячая лялька. Хто стаяў блiзка - пазналi яго i пазiралi адны са страхам, другiя - з насмешкаю. I ўсе прэч адступалiся ад яго. Ён жа, сам перапалоханы, не памятаючы, што з iм дзеецца, хуценька ўцёк са святынi Божае, прыбег да карэты, дзе знайшоў свайго таварыша, расказаў пра гэты дзiўны выпадак. Сябар смяяўся да слёз i даводзiў, што ўсё гэта ад таго, што нервы разгулялiся, цi ад нейкае iншае хваробы. Аднак пасля гэтага выпадку Фiлосаф больш у святыню не заходзiў i вярнуўся дахаты ўстурбаваны.

Па ўсiм Полацкiм павеце простыя людзi, апавядаючы пра гэта адзiн аднаму, казалi, што Фiлосаф цяжка правiнiўся перад Панам Богам.

Праз некалькi дзён запрошаныя суседзi сабралiся ў Фiлосафа. Сярод гэтых гасцей была моладзь, якая вельмi ўпадабала гаспадаровы разважаннi; кожнае слова, узятае ў старажытных аўтараў, у яе разуменнi было найвышэйшай мудрасцю. Госцi дзiвiлiся з яго грунтоўных ведаў; пра што толькi Фiлосаф нi расказваў, мудрыя яго заўвагi захаплялi ўсiх. I гаспадар быў трыумфатарам, бо мог i растлумачыць любую таямнiцу.