Читать «Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)» онлайн

Ян Борщевский

Борщевский Ян

Борщевский Ян

Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)

Ян Баршчэўскi

Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта

Пераклад: Мiкола Хаўстовiч

Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра цiхае, у лесе чулiся мiлагучныя i дзiкiя спевы птушак; блiзкi быў час начлегу, i я спяшаўся як найхутчэй пакiнуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку прывабны шляхецкi дамок, на ўраджайных нiвах даспявалi залатыя каласы, i вялiкая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую гасцiннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа.

Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот з шэрага свойскага сукна, галава сiвая, на твары спакой i бадзёрасць. Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вiтаюся i прашу, каб быў ласкавы дазволiць адпачыць з дарогi да наступнага дня.

- Проша, проша, - шчыра адказаў ён. - Цяпер дзень доўгi, можна не спяшаючыся шмат прайсцi. Пан Бог, пэўна, накiраваў у Полацак, адсюль яшчэ сорак вёрст дарогi праз пусткi i пясчаныя баравiны, аднаму, а яшчэ пеша, маркотна i нядобра iсцi цёмнаю ноччу.

Калi падыходзiлi да жытла, два вялiкiя сабакi спаткалi нас на дзядзiнцы i насцярожана пазiралi на мяне.

- Не палохайся, - кажа гаспадар, - чалавека яны не чапаюць, але дзiкiх звяроў блiзка не падпусцяць i жывёле найлепшыя вартаўнiкi, у нашай гаспадарцы такiя сабакi вельмi патрэбныя: мноства ваўкоў i мядзведзяў, не раз нападалi на суседскiя аборы.

Ён завёў мяне ў святлiцу, дзе былi стол, крэслы i iншыя рэчы сваёй работы з бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракiтавых асадах вiселi абразы Збавiцеля, Маткi Божае з надпiсам унiзе: "Klauber Svulpsit"[1] i гравiраваныя некалi ў полацкай друкарнi партрэты св. Iгнацiя Лаёлы[2], Андрэя Баболi[3], Францiшка Ксаверыя[4] i iншых. На шафе ў куце я заўважыў нейкую драўляную галаву, носам i лысiнаю падобную да Сакрата; твар паколаты, пашарпаны i сям-там апалены.

З гароду прыйшла гаспадыня, акружаная дзецьмi; старэйшая дачка, якая звалася Анэля, мела чорныя валасы, стройную постаць, жывы пагляд; прырода яе надзялiла так шчодра, што каштоўныя аздобы i ядваб да яе прыгажосцi нiчога дадаць не змаглi б. З вялiкай прыемнасцю глядзеў я на гэтую шчаслiвую сям'ю.

- Ты з нашага павета цi з далёкiх краёў iдзеш? - спыталася гаспадыня.

- Мне з дзяцiнства знаёмыя ваколiцы Полацка, але, шукаючы долi, я пражыў шмат гадоў далёка, цяпер адведваю гэты край. О! Якiя вялiкiя змены бачу, толькi горы i лясы захавалi свой даўнi выгляд.

- А як даўно пакiнуў родны край?

- Ужо таму васемнаццаты год.

Гаспадар, пазiраючы на мяне, кажа:

- Здаецца, што я цябе колiсь бачыў у гэтых краях, але прозвiшча не магу ўспомнiць.

Я назваў яму прозвiшча, ён з радасцю схапiў мяне за руку i сказаў:

- Я З[5]..., мы былi калiсьцi школьнымi таварышамi.

I тут пайшла доўгая гаворка пра шчаслiвае мiнулае, пра маладых таварышаў i настаўнiкаў полацкiх школ, пра знаёмых, хто дзе i як жыве, хто i калi пакiнуў бацькаўшчыну, пра старцаў, якiя ўжо выбралiся да вечнага дому нашага.

Пасля пан З... зняў з шафы драўляны бюст i сказаў: