Читать «Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Ян Борщевский

Гэтая вёска яму незнаёмая, далёка зайшоў ад свайго дому; заходзiць у сялянскую хату, твар яго самотны, бледны, нявыспаны, змучаны начным блуканнем. Люцэфуга расказваў гаспадару пра сваё няшчасце, той доўга слухаў i здзiўляўся, што кабета была такою лёгкаю i паляцела з ветрам. Гаспадар задаволена глянуў на сваю жонку, што завiхалася па гаспадарцы, злiтаваўся, запрасiў госця адпачыць i паабяцаў адвезцi дахаты.

Люцэфуга вярнуўся ў жончыну вёску. Усюды пуста. Няма Аўрэлi. Паслаў людзей паўсюль, каб даведалiся пра яе. Пасланцы вярнулiся без анiякае весткi. Разышлася пагудка па ўсёй ваколiцы, i нават у горадзе было вядома, што Люцэфугава жонка паляцела з ветрам. Адны спагадалi яму, другiя, чуючы такiя дзiвы, рвалi ад смеху бокi.

Ён не выходзiў з дому, усё разважаў, што рабiць. Аднаго разу сядзеў увечары самотны ў пакоi: шэры змрок i маўчанне былi яму сябрамi. Тут забягае лёкай i паведамляе, што прыехаў нейкi пасланец з лiстом. Ён глянуў на яго з невыказнай радасцю: лiст быў падпiсаны рукою Аўрэлi.

Люцэфуга прачытаў лiст i застыў як скамянелы. Аўрэля жывая, але каханне, што яна мела да мужа, страцiла назаўсёды. Пiша, што закончыла паветранае падарожжа за пяцьдзесят вёрст ад свайго дому, жыве цяпер у маёнтку даўняга свайго прыяцеля i вяртацца да мужа, у якога характар i погляды зусiм iншыя, чым у яе, не думае. I таму яна рупiцца аб разводзе, не шкадуючы на гэта анiякiх грошай.

Люцэфуга хутка страцiў жонку, маёнтак i ўсе надзеi; прыяцелi i знаёмыя, што прыязджалi да яго на гасцiны i на начныя забавы, бачачы яго няшчасным, пагарджалi iм i здзекавалiся з яго. Не маючы сiл трываць гэтыя здзекi, ён схаваўся назаўсёды ад усiх знаёмых.

Мiнула некалькi гадоў. Пра Люцэфугу нiхто нiчога пэўнага не чуў. Успамiналi толькi яго вяселле i развод. Пасля пайшлi пагалоскi, што жыве ён на гэтым свеце без усялякае мэты, узненавiдзеўшы ўсё пад небам, праклiнае сённяшнi дзень i не верыць у будучыню.

Праз нейкi час кожны, хто iшоў па калiдоры езуiцкага калегiума ў Полацку ля Архiтэктанiчнае залы, чуў голас Дзядка. Той паўтараў:

- О! Люцэфуга! Люцэфуга!

Пачуўшы гэта, шкаляры i настаўнiкi смяялiся, гаворачы мiж сабою, што Драўляны Дзядок праз столькi часу згадаў пра Люцэфугу.

Надышла поўнач. Шмат хто ў кляштары езуiтаў яшчэ не спаў. Чуючы нейкi незвычайны шум на калiдоры, людзi павыходзiлi з келляў, каб даведацца, што там чынiцца, i бачаць: стаiць ля сцяны ў слабым месяцавым святле нейкае страшыдла на мностве лапаў. Перапалоханыя, яны разбеглiся i расказалi ўсё iншым. Пасля ўсiм гуртам з запаленымi свечкамi выйшлi другi раз, але гэтае страшыдла, аслепленае святлом, ужо некуды знiкла. Але лёскат i шум па-ранейшаму адзываўся ў цёмным калiдоры. Перапалоханыя, усе сядзелi ў сваiх келлях i да вiдна не маглi заснуць.

Ранкам, збiраючыся адусюль, манахi апавядалi адзiн аднаму пра тыя начныя жахi. Езуiт-брамнiк казаў, што гэтае начы ён чуў на калiдоры нейкi дзiўны лёскат, а пасля нiбы енкi i падземныя стогны. Калi ён выйшаў з келлi, убачыў жахлiвыя дзiвы: нейкая пачвара сунулася па калiдоры, быццам човен па вадзе, i мноства лапаў з аднаго i з другога боку падымалiся i апускалiся, нiбы вёслы. Перапалоханы, ён закрычаў: