Читать «Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)» онлайн - страница 18

Ян Борщевский

Раней Фiлосаф быў моцны духам, нi ў што не верыў; цяпер прымхi мучылi яго душу i даводзiлi да роспачы. Калi часам пачуе сярод начное цiшы стогны ўдода або журботныя савiныя крыкi, рабiўся надзвычай устрывожаны, чакаў якого-небудзь няшчасця ў доме. Заскуголiць сабака на панадворку - ён бяжыць паглядзець, у якi бок павернута сачая морда, бо, на яго думку, там жахлiвы пажар знiшчыць вёску або выпалiць лес. А яшчэ больш раздражнялiся яго аслабленыя нервы, калi бачыў, што, скуголячы, сабака не падымае галаву, а нiбыта чуе нешта пад зямлёю. Роспач агортвала яго, бо гэта вешчавала смерць камусьцi ў яго доме. I ён, не могучы пазбавiцца ад гэтага страшнага прароцтва, тут жа загадваў запрагаць коней i ўцякаць у горад або куды-небудзь да знаёмых цi суседзяў. Са страхам апавядаў iм, што здарылася ў яго доме, i тыя марна старалiся пераканаць яго, што трывога ягоная дарэмная.

Дзiўны ўплыў на Фiлосафа меў месяц. Ён наганяў неспакой, i Фiлосаф не мог сядзець у тым пакоi, куды лiлося з неба бледнае месяцавае святло.

У летнюю спёку ён самотны сядзеў ля вакна, паглядаючы ў поле; вецер, не раўнуючы, як на возеры, падняў на амаль ужо спелым жыце хвалi; цешыў яго добры ўраджай, i меў ён надзею ў гэтым годзе на вялiкiя даходы з маёнтка. Нечакана пачуў ён у пакоi стрэл, нiбыта з пiсталета, якi скалануў усе ягоныя нервы. Фiлосаф адскочыў ад вакна i ўбачыў на сцяне пераламаную папалам асаду з партрэтам дзеда-нябожчыка. Гэты выпадак настолькi яго перапалохаў, што праз некалькi дзён ён памёр.

Гаспадар загаварыў да мяне:

- Памятаеш, калi мы хадзiлi ў школу, колькi было моладзi рознага характару i здольнасцяў? Цяпер раз'ехалiся па свеце. Думаю, мiж iх ёсць шмат люцэфугаў i гордых фiлосафаў. Гора нам, калi такi заняў месца ў духоўным або грамадскiм кiраўнiцтве.

- Цяпер жалезны век, - сказаў я, - чалавек лёгка робiцца горшы.

- Сапраўды, век жалезны, - прамовiў Ротмiстар. - Знiкае спакойнае i вясёлае жыццё, цяпер, здаецца, усе баяцца адзiн аднаго, часта чуеш стогны i скаргi. О, як добра прарочыў гэта Драўляны Дзядок аднаму з маiх калегаў, якi быў надзвычай арыгiнальнага нораву i ў весялосцi пераступаў усе межы; калi даходзiў да такога стану, то кожная рэч у яго марах малявалася ў аблiччы нейкiх дзiўных велiканаў. Iмя яго - Севярын. Я за характар называў яго Летуценнiкам. Раскажу вам пра дзiвосную гульню яго фантазii.

ЛЕТУЦЕННIК СЕВЯРЫН

Быў ён з лепшых вучняў, любiлi яго настаўнiкi, ён часта атрымлiваў узнагароды, меў вялiкую ахвоту вывучаць замежныя мовы i нядрэнна ўжо гаварыў на некалькiх. А чытаў найбольш паэзiю: iдылii Фэакрыта[10], Геснера[11], Шымановiча[12] яго зусiм ачаравалi. Паўсюль ён бачыў Аркадзiю, а ўсе людзi ў ягоным уяўленнi былi наiўныя i шчырыя пастушкi. Калi ён выходзiў на шпацыр за горад, дык у ручаях бачыў наядаў, на лугах скакалi нiмфы, а ў засенi дрэваў з-пад зялёнага вэлюму ўсмiхалiся яму дрыяды. Словам, усюды сустракаў ён старажытны залаты век грэкаў, не ведаў, што ёсць бяда на свеце, быў заўсёды вясёлы сам i весялiў iншых.