Читать «Драўляны Дзядок i кабета Iнсекта (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Ян Борщевский

- Усё жывое славiць Пана Бога!

Страшыдла iмгненна знiкла, а ён, запалiўшы свечку, ноч навылёт гаварыў пацеры.

Дзiўнае вiдовiшча бачылi некаторыя вучнi, калi познiм часам, не запальваючы святло, сядзелi ў сваiх келлях. Шмат хто, чуючы нейкi неспакой i страх, павярнуўшыся, заўважаў ля сябе страшыдла, якое адразу ж знiкала; збiралiся ўсе ў адну грамаду, i нiхто ўжо не начаваў у келлi адзiн.

Але i ўдзень было адно вусцiшнае здарэнне. Нейкi музыка, што служыў пры езуiцкiм касцёле, раней калiсьцi сябраваў са студэнтам Люцэфугаю. Гэты музыка быў адзiн у пакоi, калi гадзiннiк прабiў паўдня; ён на флейце развучваў духоўныя п'есы славутых кампазiтараў. Потым склаў ноты, стаў спiнаю да вакна i па памяцi iграў варыяцыi, якiя яму прыходзiлi ў гэты час у галаву. I тут бачыць, як у цёмным куце з-пад падлогi вылазiць прусак, паўзе на сярэдзiну пакоя, спыняецца, пачынае надзiмацца i расцi. Пасля з-пад чорнай скарлупiны з'яўляецца чалавечая галава i страшнымi вачыма пазiрае на музыку. Музыка пазнае Люцэфугаў твар; перапалоханы, выпусцiў з рук флейту, скочыў ад вакна, а сонечны прамень стрэлiў праз шыбу на страшыдла, i яно iмгненна знiкла. Музыка выскачыў з пакоя i, бегучы па калiдоры, крычаў:

- Люцэфуга! Люцэфуга!

Усе са здзiўленнем глядзелi на яго, распытвалi, што з iм, але ён, бледны, як труп, маўчаў i дзiка аглядаўся. Прайшло шмат часу, перш чым ён апрытомнеў i расказаў пра тое страхоцце.

Яшчэ колькi начэй паўтаралiся гэтыя жахi. Нарэшце ксёндз-рэктар загадаў запалiць у асобных мясцiнах кляштара грамнiчныя свечкi, ды так, каб iх святло разлiвалася па калiдорах. Такiм чынам вярнуўся спакой, i Люцэфуга больш не з'яўляўся.

Калi Ротмiстар расказваў такое, дзецi стаялi ля бацькi, i адзiн з iх заплакаў. Бацька спытаўся малога, чаму той плача.

- Баюся Люцэфугi, - адказаў сын.

Тады пан Зямельскi загадаў iм усiм iсцi па сваiх пакоях, памалiцца i класцiся спаць.

Малыя дзецi разам з мацi i паннай Анэляй, пажадаўшы добрае ночы бацьку i гасцям, выйшлi.

- А мы яшчэ пасядзiм, - сказаў гаспадар, - Ротмiстар ведае шмат цiкавага пра Драўлянага Дзядка, няхай расказвае нам яшчэ што-небудзь.

- Вы чулi, як Драўляны Дзядок прарочыў студэнту Люцэфугу, - прамовiў Ротмiстар, - а цяпер раскажу, што прадказаў ён гордаму Фiлосафу.

ГОРДЫ ФIЛОСАФ

Дык вось, быў у тыя часы ў Полацку шкаляр, якога калегi i знаёмыя звалi толькi Фiлосафам, - з тае прычыны, што найбольшую прыхiльнасць ён меў да гэтага прадмета. Мала яму было аўтараў, дазволеных у школах. Ён iмкнуўся розным чынам набыць або прачытаць забароненыя ды антырэлiгiйныя кнiжкi французскiх фiлосафаў. Чытаў ён звычайна ўначы, калi ўсе спалi, а ўдзень i ўвечары апавядаў прачытанае сваiм калегам i пачынаў з iмi дыспуты, у якiх з вялiкiм трыумфам перамагаў.