Читать «Тамтэй (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Мопассан Ги Де

Я думаў пра ўсё гэта, пакуль iшоў уздоўж берага. Сонца напаўняла ззяннем раку, упрыгожвала зямлю навокал, выклiкала ў маёй душы замiлаванасць жыццём, ластаўкамi, спрыт якiх радуе вока, травамi на беразе, шапаценне якiх - асалода вушам.

Але памалу мяне апаноўвала нейкая незразумелая няёмкасць. Здавалася, нейкая незямная сiла скоўвае, стрымлiвае мяне, не дае iсцi далей, клiча мяне назад. Я адчуваў пякучую патрэбу вярнуцца - такое самае пачуццё мае той, хто пакiнуў дома хворага, вельмi яму дарагога, i раптам адчувае пагоршанне яго стану.

Так я i вярнуўся дамоў насуперак сваёй волi. Я быў упэўнены, што тут мяне чакае якая-небудзь дрэнная навiна, лiст цi тэлеграма. Але нiчога не было, i я здзiвiўся i ўсхваляваўся больш, чым калi б зноў убачыў нейкую фантастычную галюцынацыю.

8 жнiўня. - Учора быў страшны вечар. ЁН больш не з'яўляецца, але я адчуваю, што ён недзе побач, пiльнуе мяне, глядзiць на мяне, уваходзiць у мяне, авалодвае мною. Схаваны гэтак, ён яшчэ страшнейшы, чым тады, калi нагадвае пра сваю нябачную i заўсёдную прысутнасць звышнатуральнымi праявамi. Зрэшты, я заснуў.

9 жнiўня. - Нiчога. Але мне страшна.

10 жнiўня. - Нiчога. Што чакае мяне заўтра?

11 жнiўня. - Зноў нiчога. Я не магу больш заставацца дома з гэтым страхам i гэтымi думкамi, што ўвайшлi ў маю душу. Я ад'язджаю.

12 жнiўня. - Дзесятая гадзiна ўвечары. Увесь дзень я выбiраўся паехаць i не здолеў. Я хацеў выканаць гэты такi просты акт свабоды - выйсцi, сесцi ў экiпаж i паехаць у Руан - i не здолеў. Чаму?

13 жнiўня. -Некаторыя хваробы дзейнiчаюць на чалавека такiм чынам, што ўся яго псiхiчная i фiзiчная энергiя вычэрпваецца, мышцы слабнуць, косцi робяцца мяккiя, як плоць, а плоць становiцца вадою. Са здзiўленнем i роспаччу я адчуваю ўсё гэта ў сабе. Я не маю больш нiякай сiлы, адвагi, я не валодаю сабою, не магу кiраваць сваёй воляй. Я больш не ўмею хацець - нехта хоча замест мяне, i я падпарадкоўваюся.

14 жнiўня. - Мне канец! Нехта валодае маёй душой i загадвае ёй! Нехта кiруе ўсiмi маiмi ўчынкамi, рухамi, думкамi. Я ўжо не належу сам сабе, я толькi пакорлiва i спалохана гляджу на ўсё тое, што раблю. Я хачу паехаць - i не магу. ЁН не хоча - i я ашалелы застаюся сядзець у фатэлi, ён прымушае мяне. Я хачу аднаго - устаць, прыўзняцца, каб толькi ўпэўнiцца ў сабе. Але я не магу! Мяне нiбы прыкулi да фатэля, а яго - прыклеiлi да падлогi так, што нiякая сiла нас не адарве.

Пасля раптам я павiнен, ПАВIНЕН iсцi ў дальнi куток саду, збiраць трускаўкi i есцi iх. I я iду. Збiраю трускаўкi i ем iх! О, Божа! Божа мой! Цi ёсць Бог? Калi ёсць - хай вызвалiць мяне! Хай ратуе мяне! Даруе мне! Злiтуецца! Выратуе! О! Якiя пакуты! Якi жах!