Читать «Тамтэй (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Мопассан Ги Де

15 жнiўня. - Пэўна, у такiм самым стане была мая кузiна, калi яна прыйшла да мяне пазычыць пяць тысяч франкаў. У яе ўвайшла чужая воля, нiбы другая душа, паразiтычная i ўладарная. Цi, можа, ужо настае канец свету?

Але якi ж ён, гэты нябачны, непазнавальны бадзяка з пароды звышнатуральных, што мною кiруе?

Значыць, нябачнiкi iснуюць! Тады чаму яны нiколi яшчэ, як створаны свет, нiкому не з'яўлялiся гэтак ясна, як мне? Я нiколi не чытаў нiчога, што нагадвала б тое, што адбылося ў маiм доме. О, каб я толькi мог яго пакiнуць, каб я мог пайсцi адсюль, уцячы i не вярнуцца. Я б уратаваўся, але я не магу.

16 жнiўня. - Сёння я здолеў вырвацца ад яго на дзве гадзiны, як вязень, якi выпадкова заўважае, што дзверы ў яго камеры адчыненыя. Раптам я адчуў, што я вольны, а ЁН недзе далёка. Я загадаў хутка запрэгчы коней i паехаў у Руан. О, якое шчасце, калi можна некаму загадаць: "У Руан!" - i цябе паслухаюць!

Я заехаў у бiблiятэку i папрасiў, каб мне далi вялiкi трактат доктара Гэрмана Гэрэстаўса пра невядомых насельнiкаў старажытнага i сучаснага свету.

Пасля, калi я садзiўся ў экiпаж, я хацеў сказаць: "На вакзал!", але замест гэтага крыкнуў, не сказаў, а крыкнуў так моцна, што ўсе, хто праходзiў мiма, азiрнулiся: "Дамоў!" - i ўпаў, знямеўшы ад страху, на сядзенне ў экiпажы. ЁН знайшоў мяне i зноў запанаваў нада мною.

17 жнiўня. - Ах, якая ноч! Якая ноч! Мне здаецца, я магу парадавацца - я чытаў аж да першай гадзiны ночы! Гэрман Гэрэстаўс, доктар фiласофii i тэагонii, апiсаў гiсторыю i праявы дзейнасцi ўсiх нябачных iстот, якiя блукаюць наўкола наяве цi ў марах. Ён апiсвае iх паходжанне, iх уладаннi, iх магутнасць. Але нiводная з iх не падобная да таго, хто не дае мне жыць. Здаецца, у чалавека з таго часу, як ён навучыўся думаць, нарадзiлася прадчуванне i страх перад новай iстотай, дужэйшай за яго, якая станецца яго спадкаемцам на гэтым свеце. Адчуваючы наблiжэнне гэтае iстоты, але не могучы прадбачыць яе прыроды, чалавек стварыў пад уплывам страху таямнiчы свет фантастычных iстотаў, няясных зданяў, спароджаных жахам.

I вось, скончыўшы чытаць а першай гадзiне ўначы, я сеў каля адчыненага акна, каб асвяжыць твар i думкi пад цiхiм ветрыкам, што дзьмуў з начной цемры.

Было цёпла i цiха! Як бы я радаваўся гэткай ночы ў ранейшыя часы!

Месяца не было. У глыбiнi чорнага неба дрыготка зiхацелi зоркi. Хто на iх жыве? Якiя там краявiды, жывыя iстоты, жывёлы, раслiны? Цi ведаюць жыхары тых далёкiх сусветаў больш за нас? Цi могуць яны тое, што мы не можам? Цi бачаць яны нешта такое, пра што мы не ведаем? Можа, калi-небудзь хтосьцi з iх праляцiць праз космас, высадзiцца на нашай Зямлi i заваюе яе, як некалi нарманы пераплылi праз мора i заняволiлi слабейшыя за iх народы.

Мы такiя слабыя, бяззбройныя, недасведчаныя i маленькiя на нашай планеце, на гэтым зярнятку бруду, разведзеным у кропельцы вады.

З гэткiмi думкамi я i заснуў пад свежым начным ветрыкам.