Читать «Тамтэй (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Мопассан Ги Де

Аднак, паспаўшы хвiлiн сорак, я расплюшчыў вочы. Нейкае невядомае, няяснае i незвычайнае пачуццё абудзiла мяне. Спачатку я нiчога не ўбачыў, пасля мне раптам здалося, што ў кнiзе, што засталася разгорнутая на стале, сама па сабе перагарнулася старонка. Я здзiвiўся i стаў чакаць. Хвiлiны праз чатыры я ўбачыў на свае вочы, як наступная старонка паднялася i адкiнулася на папярэднюю, нiбы перагорнутая нябачным пальцам. Мой фатэль быў пусты цi здаваўся пустым. Але я зразумеў, што ЁН быў там, сядзеў у маiм фатэлi i чытаў. Адным шалёным скачком, як скача раз'юшаны звер, кiдаючыся на свайго ўтаймавальнiка, я пераскочыў праз увесь пакой, каб схапiць яго, задушыць, забiць!.. Але калi я ўжо быў побач з фатэлем, ён раптам упаў, быццам нехта ўцёк у мяне з-пад носа... Стол пахiснуўся, лямпа ўпала i патухла. Акно раптам зачынiлася, быццам нейкi злачынец скокнуў у ноч, бразнуўшы аканiцамi.

Значыць, ён уцёк, ён спалохаўся мяне! Дык... тады... заўтра цi калi-небудзь я здолею схапiць яго i задушыць! Цi ж часам сабакi не кусаюць i не душаць сваiх гаспадароў?

18 жнiўня. - Я марыў увесь дзень. Добра, я буду яго слухацца, падпарадкоўвацца яго загадам, выконваць усе яго жаданнi, прынiжацца, паддавацца, выдыгаць перад iм. Ён мацнейшы. Але прыйдзе час...

19 жнiўня. - Я ведаю... ведаю... я ўсё ведаю! Толькi што я прачытаў наступнае ў "Аглядзе навуковага свету":

"З Рыо-дэ-Жанейра нам даслалi даволi цiкавае паведамленне. Шаленства, нават цэлая эпiдэмiя шаленства, якую можна параўнаць з тымi хвалямi ўсеагульнага шаленства, што ў сярэднявеччы абрыналiся на эўрапейскiя народы, лютуе цяпер у правiнцыi Сан-Паўла. Людзi ў роспачы пакiдаюць жытло, сходзяць з вёсак, развiтваюцца са сваiмi палямi. Яны кажуць, што за iмi гоняцца, валодаюць iмi, кiруюць, нiбы жывёлай, нейкiя нябачныя, але адчувальныя на дотык iстоты, нейкiя вампiры, што патроху адбiраюць у людзей жыццё, пакуль тыя спяць. Апроч гэтага яны п'юць ваду i малако i, здаецца, не цiкавяцца нiякай iншай ежай.

Пан прафесар Дон Пэдра Энрыкес, а разам з iм некаторыя iншыя вучоныя-медыкi, накiраваўся ў правiнцыю Сан-Паўла, каб даследаваць на месцы прычыны i праявы гэтага дзiўнага шаленства i прапанаваць iмператару захады, якiя, на думку прафесара, дапамаглi б заклiкаць да развагi насельнiцтва, ахопленае хваробай".

А! А! Я памятаю, памятаю той прыгожы бразiльскi трохмачтавiк, што праплыў 8 траўня мiма маiх вокнаў, паднiмаючыся на Сене! Ён здаўся мне такiм прыгожым, такiм белым, такiм вясёлым! ГЭТЫ быў там, ён прыплыў адтуль, дзе з'явiўся яго род! Ён мяне ўбачыў! Ён убачыў таксама мой белы дом i скочыў з карабля на бераг. О, Божа!

Цяпер я ведаю, я здагадваюся. Панаванню чалавека настаў канец.

Ён прыйшоў, Той, каго баялiся старажытныя людзi, Той, каго заклiналi неспакойныя святары, каго цёмнымi начамi выклiкалi ведзьмакi, нiколi яго не бачачы. Той, каму фантазiя часовых гаспадароў Зямлi надавала найпачварнейшыя або, наадварот, найпрывабнейшыя формы гномаў, духаў, генiяў, феяў, дамавiкоў. У адрозненне ад грубых паняццяў, народжаных жывёльным страхам, празорлiвыя людзi ўяўлялi яго больш выразна. Яго разгадаў Мэсмэр, i ўжо дзесяць гадоў таму медыкi дакладна вызначылi прыроду яго магутнасцi, перш чым ён сам яе выявiў. Яны гулялi са зброяй Новага Ўладара, з панаваннем таямнiчай волi над заняволенай чалавечай душой. Яны назвалi гэта магнетызмам, гiпнатызмам, сугестыяй... цi як там. Я бачыў, як яны забаўлялiся, нiбы неасцярожныя дзецi, з гэтай страшнай сiлай! Гора нам! Гора людзям! Ён прыйшоў, гэты, як жа ён завецца... гэты... мне здаецца, ён крычыць сваё iмя, але я не чую... ага, ён крычыць, я слухаю... я не магу... паўтары... Тамтэй... Я пачуў: Тамтэй... гэта ён... Тамтэй... ён прыйшоў!