Читать «Тамтэй (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Мопассан Ги Де

2 жнiўня. - Нiчога новага. Стаiць пагода. Цэлымi днямi я баўлюся тым, што гляджу, як цячэ Сена.

4 жнiўня. - Мае слугi пасварылiся мiж сабою. Яны сцвярджаюць, што ўночы нехта б'е шклянкi ў шафах. Камердынер вiнавацiць кухарку, тая вiнавацiць касталянку, а гэтая вiнавацiць абаiх. Хто вiнаваты? Ды хiба ж разбярэшся?

6 жнiўня. - Гэтым разам я не вар'ят. Я бачыў... Бачыў! Нельга больш сумнявацца... я бачыў! Яшчэ i цяпер холад праймае мяне да кончыкаў пальцаў... яшчэ i цяпер я дрыжу ад страху... я бачыў!

А другой гадзiне, сярод белага дня, я гуляў у сваiм ружоўнiку... Я iшоў абсадамi асеннiх ружаў, якiя пачыналi расцвiтаць.

Я спынiўся, каб паглядзець на "Асiлка бiтваў", на якiм красавалiся тры надзвычай прыгожыя кветкi, i выразна ўбачыў, як зусiм побач са мной сцябло адной кветкi сагнулася, быццам сцiснутае нябачнай рукой, i зламалася, быццам тая рука яго адшчыкнула. Кветка ўзнялася ў паветра, апiсала крывую, быццам нябачная рука паднесла яе да твару, i павiсла ў празрыстым паветры нерухомай жахлiвай чырвонай плямай перад самым маiм тварам.

Без памяцi, я кiнуўся, каб схапiць яе! Але я нiчога не схапiў - яна знiкла. I тады я страшэнна раззлаваўся сам на сябе, бо хiба ж можна, каб разумны i сур'ёзны чалавек меў такiя галюцынацыi.

Але цi была гэта галюцынацыя? Я павярнуўся i стаў шукаць сцябло - хутка я знайшоў: памiж дзвюх кветак, што засталiся на кусце, тырчаў канец толькi што абламанай сцяблiны.

Дамоў я вярнуўся ашаломлены. Бо цяпер я веру, гэтаксама веру, як i ў тое, што дзень змяняе ноч, - побач са мною жыве нейкая нябачная iстота, якая кормiцца малаком i вадой, якая можа дакранацца да рэчаў, браць iх, перасоўваць з месца на месца. Такiм чынам, iстота гэтая з натуры сваёй матэрыяльная, хоць i недаступная нашым пачуццям. I жыве яна пад адным дахам са мною...

7 жнiўня. - Я спаў спакойна. ЁН выпiў ваду з графiна, але не турбаваў майго сну.

Звар'яцеў я цi не? Толькi што я гуляў уздоўж рэчкi, ярка свяцiла сонца. I мяне пачалi браць сумненнi наконт майго розуму - не тыя няясныя сумненнi, як раней, але сапраўдныя, сур'ёзныя. Я бачыў розных вар'ятаў. Ведаў i такiх, што заставалiся разумныя, разважлiвыя i нават прадбачлiвыя ва ўсiх выпадках акрамя аднаго. Яны маглi ясна, умела, з развагай гаварыць на любую тэму, але раптоўна iх розум, быццам натрапiўшы на рыфы вар'яцтва, разбiваўся, рассыпаўся на кавалкi i патанаў у тым страшным, раз'юшаным акiяне, поўным iмклiвых хваляў, туманаў i вятроў, iмя якому - шаленства.

I я без сумненняў лiчыў бы сябе вар'ятам, каб не разумеў, не ведаў дакладна свайго стану, не вывучаў яго, не аналiзаваў яго пры поўнай памяцi. Значыць, усё гэта - толькi галюцынацыi зусiм здаровага ў разумовым плане чалавека. Мозг мой напэўна пашкоджаны нейкiм невядомым парушэннем - сучасныя фiзiёлагi спрабуюць вызначыць i вывучыць гэтыя з'явы. I з-за гэтага парушэння ў маiм розуме, у лагiчным парадку думак узнiкла глыбокая расколiна. Падобныя рэчы здараюцца падчас сну, калi перад намi паўстаюць самыя неверагодныя фантасмагорыi, i мы з iх нават не дзiвiмся, бо наш спраўджальны апарат, пачуццё кантролю, таксама спiць, а ўяўляльныя механiзмы прадаўжаюць працаваць. Хiба не можа быць, каб адна з непрыкметных клавiшаў клавiятуры майго мозга спаралiзавалася? Часам людзi з прычыны няшчасных выпадкаў трацяць памяць на iмёны, або на дзеясловы, або на лiчбы, цi на даты. Сёння ўжо даказана, што кожны вiд разумовай дзейнасцi злакалiзаваны на пэўным участку мозга. I таму няма нiякага дзiва, што мая здольнасць кантраляваць нерэальнасць некаторых галюцынацый на нейкi час прытупiлася.