Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 33
Янка Купала
Данілка. Ды я ўжо мамцы казаў аб гэтым самым, але ўсё ўпіраецца яшчэ.
Старац. Нічога, пані гаспадыня, тут не выседзіш. Скінь пыху з сэрца ды йдзі адгэтуль. Не спадзейся на помач сына — ён ужо далека ад цябе з сваімі думкамі і няскора к табе з імі вернецца. Сцежкі вашы разышліся і сойдуцца толькі тады, як ён, пабываўшы на тым зборышчы, якога цяпер шукае, вернецца к табе славай акрыты. А цяпер не чакай на яго І думай сама аб сабе. Бачыш — якая гэтая асенняя ночка страшная, а ты тут адна з сваімі малымі і гэтым няшчасным музыкам, што ігрой сваей да слез толькі даводзіць... Час, птушка-маці, знімацца з гэтага раскіданага гнязда, каб іншых сваіх дзетак убараніць ад благіх ястрабаў, ад якіх сілачкі ты не мела ўбараніць свайго Сымонкі і Зоські! Скінь пыху з сэрца, набярыся адвагі, забірай гэтых з сабой і ідзі, ідзі, куды ногі панясуць, куды вочы твае глядзець будуць!
Марыля. Ды я ўжо з самае вясны торбачкі для ўсіх шыла і шмат, шмат іх пашыла! Але Сымон, Зоська!.. Як жа мне пайсці без іх?
Старац. Не бойся, пані гаспадыня! Яны, калі не знойдуць таго, чаго шукаюць, каб у тваю хату шчасце прынясці, то вернуцца к табе тым самым шляхам, якім ты ад іх адыдзеш. Такі ўжо парадак на свеце паміж намі, людзьмі.
Данілка. Ну, і добры ж тэты парадак: прыкладам, я пайду шукаць грыбоў у лес, а вярнуся адтуль толькі з галінай асінавай.
Старац
Марыля. Дзедачка! Незразумелыя рэчы для майго жаноцкага розуму ты кажаш. Але ўсё ж такі, як бачу, нездарма я торбачкі шыла, ох, нездарма!
Старац. I сын твой калісь гэтага не разумеў, а можа, i цяпер не разумее. Але прыйшла пара, выбіла такая шчасная ці няшчасная гадзіна, і прабудзілася ў яго думка вялікая, важная, што так далей быць не можа, як ёсць, што яго штосьці пацягнула к нечаму няведамаму, але светламу i радаснаму, ну, i перавярнуўся увесь стары лад у яго беднай галаве. Твае песні і казкі, што пяяла i гаварыла яму калісь над калыскай, шмат у гэтым памаглі. Дык не пярэч жа i далей свайму сыну ісці той дарожкай, якую ён сам сабе абабраў і ідзе цяпер.
Данілка. Ды мамка яму нічога не пярэчыць, але ён сам сабе пярэчыць i нам не дае ніякага ходу, каб як з гэтае пусткі на свет божы выбрацца.
З'ява ІІІ