Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 36

Янка Купала

Старац. Што ж, пані гаспадыня,— гатовы ўжо ўсе!

Марыля. Ужо, дзедка! Можам ісці.

Данілка. Уцякайма, дзедка, бо і я ўжо гатоў. А Зоська дагоніць нас: не чапайце толькі яе. Цяпер жа, можа, запяём усе разам на адходнае.

Старац. Святую песню хоць калі не грэх запець.

Марыля (да Зоські). Зоська, як апомнішся, прыходзь з Сымонам да нас!

Старац ідзе наперад, за ім Марыля з дзяцьмі па баках, а за Марыляй — Данілка. Усе пяюць «Лазара»,— Данілка іграе; нейкую мінуту іх песня чуваць за сцэнай, пасля паволі замірае.

З'ява IV

Зоська адна.

Зоська (як бы прасвятлеўшы, паказваючы рукамi). Ха-ха-ха! Там пажар, гэтыя, як пагарэльцы, з торбам! пайшлі.

З'ява V

Зоська і Сымон.

Сымон (шыбка ўваходзщь са стараны пажару, трымаючы ў руцэ запаленую галавешку. Разглядаючыся). Пайшлі!.. Не пачакалі мяне яшчэ хоць трохі. А так ужо ўсё наладзіў. (Уеледзеўшы Зоську.) Адна Зоська асталася! (Да яе.) Што ж ты робіш тут адна? Пойдзем са мной?

Зоська. (прыглядаючыся). Гэта ты, Сымон?

Сымон. Я, Зоська! Уставай хутчэй, сястрыца, ды пойдзем, бо кожная мінута цяпер дорага!

Зоська. Куды пойдзем? Па што?

Сымон (паказваючы галавешкай у праціўную старану ад пажару). На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!!!

Зоська (падымаючыся з зямлі). А-а!..

Сымон бярэ яе за руку, і абое нікнуць у цемнаце.

Заслона