Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 35

Янка Купала

Старац. Пайду я ўжо ад вас, добрыя людзі. Вялікім горам і зніштажэннем кожны тут куток ваш напоўнен. Шчаслівейшую долечку пашлі вам, Божа! Бывайце здаровы! Слава Хрысту!

Данілка (усхапіўшыся). Дзедачка, забірайце і мяне з сабой! А то яшчэ раз як здарыцца гэткая ночка з пажарам, то я зусім памру ад страху.

Старац. Як хочаш, сынку мой. Месца хопіць нам. Можаш ісці.

Марыля. Не адходзьце, дзедка! Надумалася і я ўжо: пойдзем усе з табой. Сілачкі мае не хапае далей тут гібець.

Старац. Добра, пані гаспадыня! Добра! I табе месца мала не будзе.

Марыля (да дзяцей). Ну, дзеткі! Пара збірацца ў дарогу! Дзе толькі торбачкі? (Находзіць торбы і начэплівае іх дзецям, Данілку і сабе; Старац памагае.) Вось гэтыя меншанькія вам, малыя, а тэту, трохі большую, табе, Данілка.

Данілка (надзеушы торбу). Вось як лоўка цяпер будзе! У руках скрыпачка, на плячах торбачкі — гуляй, душа, колькі ўлезе!

Старац. Што ж? Нездарма людзі пацераў і малітваў змалку яшчэ вучацца. Каму-небудзь ды пад старасць прыгодзяцца. Аб торбах не павінны забывацца нават і тыя, што на пасадах сядзяць.

Марыля (надзяваючы на сябе торбу). Ну, гэтыя самыя большыя на мяне якраз падыдуць! (Глянуўшы на Зоську.) Паспрабую і на яе надзець, а ну ж з намі пойдзе. (Падыходзщь да Зоські і хоча надзець торбу.) Зоська, пазволь,— надзену гэта на цябе, ды пойдзем разам!

Зоська (павёўшы мутнымі вачыма). Што? Куды?

Марыля. Надзень, Зоська, гэтыя торбачкі! Надзень, дачушка мая. (Хоча сілай надзець.)

Данілка. Не спрачайся, Зоська, ды пойдзем! Я табе зайграю панічову музыку.

Зоська (усхапіўшыся з зямлі і баронячыся). Што? на мяне торбы хочаце надзяваць! Га! А вы ведаеце, хто я такая? Ведаеце? Я каралеўна! Я — усеўладная пані гэтае зямлі ўсёй чыста! — гэтых загонаў, гэтых лугоў, гэтага лесу! Ха-ха-ха! А яны мяне у торбы, як жабрачку, хочуць прыбраць! Я ў кароне, бачыце, хаджу. Сярпы мае сталёвыя дабро цэламу свету жнуць, а палотны мае шаўковыя цэлы свет адзяваюць, а яны ў торбы мяне хочуць прыбраць! Проч, бясстыднікі! (Зрывае торбы і кідае на вогнішча; сама апускаецца каля дзерава.)

Марыля (адкінуўшы торбу ў старану з агню). Не хочаш, і не трэба! Не ў маёй ужо моцы з вамі вайну вясці. А торбачка гэта хай астанецца тут: можа, Сымону прыдасца.