Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 29

Янка Купала

Данілка. Не скажу!

Сымон. Скажаш!

Данілка. Хоць зарэж!

Сымон (хапаючы сякеру). Кажы, вужака! а то як стой на дробныя кусочкі скрыпку пашчапаю!

Данілка (хаваючы над сябе скрыпку). I скрыпкі не дам шчапаць, і не скажу!

Сымон (вырывае з-пад Данілкі скрыпку і хоча сеч). Скажаш?

Данілка (кідаючыся к Сымону на каление і цалуючы рукі). А братачка, а родненькі! Пасячы лепей мяне самога на дробныя кусочкі, а скрыпку не чапай! Богам цябе прашу!

Марыля (адцягваючы Сымона). Ці не ашалеў ты сягоння!..

Сымон (баронячыся ад Марылі). Адчапіся, мамка! (Да Данілкі, замахваючыся тапаром над скрыпкай.) Кажы!

Данілка (енчачы). Сымонка, братачка! Не сячы! Лепей мяне забі, зарэж, што хочаш зрабі са мной, а скрыпачкі не чапай! Другой такой за ўсё жыццё не зраблю.

Сымон (ізноў замахваючыся тапаром). Пасяку на дробныя шчэпкі! Кажы!..

Данілка (прыпадаючы галавой да скрыпкі). Сячы ла маёй шыі, а скрыпачкі не чапай! Але ўжо скажу, скажу табе, дзе яна!..

Марыля (ухапіўшыся за сякеру). Давай мне сякеру! Давай сякеру! Я сама табе скажу, дзе Зоська.

За сцэнай шум; чуваць Зоськін голас: «Пусціце мяне... Я сама пайду. Пусціце».

Двое дворных людзей уводзяць на сцэну Зоську з завязанымі назад рукамі.

З'ява VI

Тыя ж, Зоська і дворныя людзі.

Адзін з дворных людзей. Хацела каля палаца павесіцца, дык сказалі звязаць і сюды прывесці!

Зоська (хочучы вырвацъ з вяровак рукі, у страшным мучэнні). Нашто рукі звязалі? Мамачка, браточкі, змілуйцеся, развяжыце! За што так пакаралі?!

Марыля, Сымон, Данілка застываюць у сваіх позах не то здзіўленыя, не то перапужаныя. Дзеці падбягаюць і туляцца да Зоські. Дворныя людзі выходзяць.

Паволі апускаецца заслона.

Акт пяты

Час — каля «ўсіх святых». Вечар. Цёмна. Глуха. Заводзіць вецер.

З'ява І

Марыля, Данілка, дзеці.

Данілка (увесь час выводзячы з перарывамі на сваей скончанай скрыпцы сумную мелодыю). Мамка, уцякайма адгэтуль, а то ўжо і мне трудна вытрываць: так тут холадна, цёмна, страшна!

Марыля (грэючыся з дзецьмі каля вогнішча). Як Сымон скажа, так і будзе, нічога я ў гэтым сваёй воляй парадзіць не магу.

Данілка. Усе Сымон ды Сымон! Ці ж без яго дык і абысціся няможна. Я ж нашто ў цябе?

Марыля. Нашто? Пішчэць толькі на скрыпцы, ды і ўся з цябе тут рада і парада! Як цяпер во пішчыш ды пішчыш, хоць вушы затыкай.

Данілка. А ўсё-такі скажы, мамка, праўду: у гэтай скрыпцы лепшы голас, як у той, што раней у мяне была?

Марыля. На той гудзеў, як авадзень, і на гэтай таксама выводзіш нейкае нешта паўтара людскога. Знай-шоў калі музыкай займацца! Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое няшчасце прылучылася, а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае.

Данілка. Мамачка, я ж нічога вясёлага і не іграю, а ўсё такое, як сама чуеш, што і па нябожчыках не грэх галасіць. Жалобная музыка, бачыш, у мяне выходзіць, а не якая іншая.

Марыля. I толькі больш жалю задаеш, ажно толь-кі сэрца на кускі разрываецца. Думак сваіх не магу ў парадак прывясці.

Данілка. А якія там думкі? Узяў пастанавіў раз кінуць гэта беспрыпыннае прыпынішча, ну дык і што тут мазгі думкамі сушыць. Сабраў свае манаткі, ды дай божанька ногі і здароўе!..