Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 28

Янка Купала

З'ява V

Тыя ж без Незнаёмага.

Сымон (як бы збудзіўшыся). Ах! Ён выйшаў ужо! (Хоча бегчы за Незнаемым.)

Марыля. (хапаючы за руку). Сымонка! Куды ты, дзеткі?

Сымон. Пусціце, мамка! Я хачу папытацца, у якім месцы той сход склікаецца.

Марыля. Не трэба! Не ідзі! Нашто ён табе? Я цябе прашу, дзеткі, астанься!

Сымон. Я толькі папытаюся і вярнуся назад.

Марыля. Не ведаеш дзе, і не трэба! Нашто табе гэны сход страшны? Я не пушчу на яго цябе! Не пушчу!

Сымон. Мамка, пусціце, я толькі даведаюся, і больш нічога!

Марыля (віснучы Сымону на шыі). Усё роўна — не трэба! Там згуба твая і наша. Ах, божухна мой! Чаго яго, гэтага шалёнага клікача, прынясло сюды? Што яму трэба ад нас? Няшчасце за няшчасцем так і ідзе на бедную маю галаву! (Плача.)

Сымон. Чаго плачаш, мамка? Яшчэ ж нічога тако-га страшнага не сталася. Не плачце, мамка! Калі ўжо так хочаце, дык не пайду і пытацца нават.

Марыля (апускаючыся на зямлю). Дабіваеце мяне! 3 усіх старой дабіваюць! Жыццё, якое ёсць, адбіраюць. Кара божая звалілася на увесь род наш. Ах ты, долечка мая няшчасная!

Сымон (адышоўшыся ў старану). А ўсё-такі мушу даведацца, дзе гэны сход склікаецца, каб там і немаве-дама што! I трэба ж было мне не папытацца ў яго? Ці не сказаў ен толькі часам Зосі гэтага? (Да Марылі.) Мамка! Дзе Зося?

Марыля (відавочна манячы). Бог яе ведае! Недзе выйшла. Мусіць, ці не пайшла ў грыбы.

Данілка. Я ж табе, мама, казаў! Зоська пайшла... (Глянуўшы на матку, не дагаварвае.)

Сымон. Куды пайшла?

Данілка. А мусіць, у грыбы, як мамка казала, я не ведаю.

Сымон. Маніш! Добра ведаеш, а толькі не хочаш казаць, кажы! А то...

Марыля. Нашто яна табе? Пайшла і прыйдзе. Ці ж першы раз?

Сымон. Першы ці не першы, а сягоння я мушу ведаць, куды пайшла. (Прыступаючы да Данілкі.) Кажы, шэльма, а не — то біць буду!

Данілка. Я ж табе кажу, што не ведаю. А біць мяне не маеш права: на тое маці ёсць.

Сымон. Яшчэ ен, жаба, будзе са мной абрыдацца! Калі пытаюся, то мусіш сказаць. Я старэйшы за цябе і не які прыблуда, а брат твой.

Данілка. Хоць ты і старэйшы, хоць ты і брат мой, а ўсё роўна, калі і ведаю, то не скажу! Што ж ты са мной зробіш?

Сымон. Выбрашаш усе, аж міла будзе, як юху гаду спушчу!

Марыля (да Сымона). Кшь ты да яго чапіцца! Што з табой сягоння зрабілася?

Сымон. Калі пытаюся, то няхай кажа! (Да Данілкі.) Ну! Чуеш ці не?

Данілка. А як жа! Чую! Нашто ж у мяне вушы?

Сымон. Ну дык кажы! А не — то, як бачыш, душу з цябе выматаю.