Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 26

Янка Купала

Сымон. О, каб іх зямля не насіла з гэтакай іхняй ласкай!

Уваходзіць Незнаёмы з вехай.

З'ява IV

Тыя ж і Незнаёмы.

Данілка (утаропіўшыся, убок). А гэта хто яшчэ так! за прарок з вехай?

Незнаёмы. (гаворыць, найболей зварочваючыся да Сымона). Тыдні тры таму назад я ў вас быў, добрыя людзі, толькі дома ўсіх не застаў — адна сястра была... Цяпер ізноў прыходжу з тым самым.

Сымон. А! гэта вы, мусіць, той самы, аб якім Зоська гаварыла? На нейкі сход людзей склікаеце?

Незнаёмы. Але, але! На вялікі сход! Пара ўжо і табе, браце мой, з свайго гнязда знімацца!

Марыля. Наша гняздо раскідана.

Незнаёмы. Суд твой, мне казалі, сягоння кончыў-ся, цяпер ты вольны, як птушка,— нішто цябе не вяжа.

Марыля. Як-то — нішто не вяжа? А я — маці яго, а малыя гэтыя, якіх павінен памагчы мне гадаваць і ў людзі вывесці?..

Незнаёмы. (не слухаючы). Годзе нацягаліся твае дзяды і прадзеды ношкі непасільнай! Выбіла гадзіна, і ты мусіш, як арол магучы, распусціць сваё крылле і ляцець туды, куды ўсе цяпер злятаюцца. Кончылася чалавечае вечнае начаванне, і світанне агністае па-чынаецца на зямлі ад краю да краю, ад мора да мора!

Данілка (убок). Што ён чаўпе? Па-мойму, веча-рэе, а па-ягонаму — світае. Ці я сляпы, ці ён не бачыць?

Незнаёмы. На крыжах магільных гараць свечкі грамнічныя, а на курганах адзірванелых вехі смалістыя палаюць і шляхі асвечваюць для ўсіх тых, што ідуць на гэна зборышча вялікае. Гора таму, хто будзе спаць у гэты час трывожны!

Сымон. Трудна зразумець вас, чалавеча! Скажыце ж мне хоць: нашто гэта зборышча склікаецца?

Марыля. Але, нашто? Можа, зямлю будуць да-ваць?

Незнаёмы. Смока выганяць!

Усе. Смока? Якога? (Дзеці са страхам, туляцца да Марылі.)

Незнаёмы. Не чулі?.. Ды дзе вам пачуць? Вы усе ў гэтых ламах капашыцёся, як чэрві, прыдаўленыя каменей, і свету белага не бачыце і нічога слухаць не ўмееце.

Данілка (убок). Ну, я-то пэўна б аб гэтым ведаў, але, мусіць, гэта брахня?

Незнаёмы. Ад даўняга часу пасяліўся на нашай зямлі ў заварожаным балоце страшны смок-упыр...

Усе. Аж нават упыр!

Незнаёмы. Але, але, добрыя людзі! I вось праз гэтага смока-ўпыра пайшлі на цэлы свет усялякія беды і няшчасці.

Марыля. Няўжо ж гэта і нас праз яго гэтакае гора спаткала?

Сымон. Мамка, не перапыняйце гутаркі!

Незнаёмы. Пошасці ўсялякія сее жменяй сваей каршуновай — гэта каб сіла народная не ўзвялічылася і яго не змагла, а туманы чорныя ў вочы ўсім пускае, каб людзі не бачылі яго. Поначы з хаты ў хату заходзіць і кроў з сэрцаў цёплую смокча, а у душу яду свайго падлівае, каб яна прасветласці ніколі ніякае не бачыла. Дзе толькі яго хоць день прашмыгнецца — там нянавісць страшная між братамі І сёстрамі, як вужака, разгнежджваецца, нявінная кроў на зямлю льецца, а путы жалезныя бразгаюць на руках чалавечых, як званы на ўсяночную. Катнія жаданні ў думках людскіх рас-плоджвае і на самае сонца кладзе жалобную пакрывальню. Удоў і сірот у рабства голаду і холаду заганяе, а бацькам і маткам без часу дзетак назаўсёды ад грудзей вырывав,— гэта ўсё каб хвалу сваю смочую ўзвялічыць. Вось які ён — гэты смок-упыр!