Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 22

Янка Купала

Зоська. (перабіваючы). А што ж мне з таго? Няхай жэніцца! Вялікая мне бяда? Ці ж ён мой жаніх ці каха-нак?..

Данілка. Дзеля каго ж ты гэта ў вяночак убірацца сягоння манішся? Ну, але мне спаць хочацца! (Да дзяцей.) Пойдзем, малыя! Хто спіць, той не грашыць. Я сягоння абраў новае лежа для спання: на мае шчасце, забыліся будку сабачую раскідаць, дык на месца Лыскі нашага я з вамі, малыя, пасялюся. (Хоча выходзіць.)

Зоська (змагаючыся з сабой). Данілка! Ці гэта праўда, што ты казаў? Ці гэта праўда?

Данілка (адвярнуўшыся). Вось, на табе груцы з бобам! Дурны сказаў, а разумны і паверыў.

Зоська. Дык гэта ты мне наманіў?

Данілка. Ведама — наманіў! Ці ж я ўжо такі, без усіх клёпак у галаве, каб разумным праўду гаварыць? Спі, сястрыца, спакойна. (Выходзіць.)

З'ява V

Зоська адна.

Зоська. Та-а-к! Пэўна, што гэта няпраўда. Але што са мной робіцца? Аб чым гэта я думаю? Так ці сяк, сон мой залаты павінен развеяцца; чары туманныя скончац-ца, і я, такая як цяпер, скончуся. Заместа мяне будзе другая нейкая мара цягнуць далей лямку свае новае долі. Гарыстым і пясчаным шляхам будзе яе цягнуцъ, як сібірнік тачку, пакуль аж сама сябе не дацягне туды, адкуль не варочаюцца... дзе тата... да магілак! Бр! Што я думаю? Як жа гэта ночка заўсёды нейкай чорнай і страшнай птушкай кладзецца на мае думкі! Звядуць гэтыя ночы, гэтыя чорныя птушкі няшчаснае жыццё мае ў цьму непрагляднуюі 3 сілы выбіваюся ў змаганні з гэтым безгранічным сумам, што вакруг мяне сцелецца і жудкімі вачамі глядзіць у мае маркотныя вочы. Ха! Уцяку ізноў адгэтуль і буду блукацда да самага белага дня там — дзе ён, дзе яго, свайго ненагляднага каралевіча, спаткаю. Буду далей сніць пры ім дзіўную повесць свае моладасці, чараўнічую казку свайго шчасця; песню буду пяяць набалелага сэрца і расплаканай душы! Пайду к яму ў вяночку гэтым. (Прымярае.) Але! Як у кароне, з'яўлюся к яму і звешу галаву сваю гаротную на грудзі яго лебядзіныя. (Чуваць шорах.) Што гэта? Нехта ідзе! Данілка, гэта ты? Божа! Як страшна! Такі ж нехта прыбліжаецца! (Прытуляецца к дзераву.)

З'ява VI

Зоська, Незнаёмы.

Незнаёмы (з вехай у руках). Не пужайся, сястра мая! Я свой чалавек, хоць і прыходжу не званы, не сланы.

Зоська (перапужаная). Хто ты?.. Хто вы?..

Незнаёмы. Хто я? А ужо ж чалавек! А што болей трэба ведаць, калі толькі не гэта?

Зоська. Я тут адна!.. нікога нямашака дома. Дык чаго ж вам трэба?.. Можа, начаваць? Але, як бачыце, у нас няма як...

Незнаёмы. Мне нічога не трэба, сястра мая. Я не з тых, што толькі прыходзяць, каб што ўзяць, а з тых, што з сабою нешта добрае прыносяць.

Зоська. Але калі я вас баюся, чалавеча! Вы нейкі такі дзіўны!

Незнаёмы. Не бойся, сястра! Я ліст, адарваны з таго самага дзерава, што і вы, што і многія мільёны падобных. Вецер свабодны прынёс мяне сюды, на вашую руіну. Хацеў бы з табой і з братам тваім аб важных справах пагаманіць.

Зоська. Я ж вам казала, што нікога няма дома, а я сама нічога не ведаю.

Незнаёмы. I нічога, сястра, ведаць не трэба, а што трэба — я скажу, а ты гэта брату перадай... Слухай, сястра! Склікаецца сход вялікі, і ўсе браты і сестры павінны на гэны сход з'явіцца.