Читать «Раскіданае гняздо» онлайн - страница 20

Янка Купала

Сымон (панура). Бацькаўская магіла і крыж гэты ведае!

Зоська. Непераменны ты, братка! Спапяліць гэта гордасць табе душу i сэрца, у попел аберне. А злосць людская апаганіць тваю добрую славу, і нічога ты не дакажаш сваім праціўленнем цэламу свету! Не сягоння, то заутра пойдзеш па таей сцежцы-дарожцы, па якой усе людзі ідуць. Уломяць цябе, апусцішся і загінеш. Сымон. Але сам я самахоць не загіну, мяне сіла большая загубіць, а ты па сваей ахвоце сама сябе аддаеш на тэту загубу, на глум вечны!

Зоська (адыходзячы ад Сымона, убок). Божа! Як жа мне цяжанька тут жыць! (Садзіцца і ўе вянок.)

Паўза.

Данілка. Крыж рабіць робіш, а на чым яго павязеш?

Сымон. Не бядуй па гэтым! Не пайду каня вымаліваць ні да суседзяу, ні там, да іх! На сваіх плячах павязу — яшчэ датрываюць, хопіць сілы. Як сам на сабе завалаку — болей радасці спраўлю таму, хто будзе спаць пад гэтым крыжам, а сам буду ведаць тое, што нікому не кланяўся, перад нікім не жабраваў.

Данілка. А каму ж гэта мамка торбы шые?

Сымон. Шые, бо не мае чаго рабіць. Але як пашые, то я што да адной папалю!

Марыля. Пакуль ты, дзеткі, прыбярэшся паліць, то яны самі спарахнеюць на мне, на гэтых малых, а мо і яшчэ на кім. Вось адна торбачка і гатова! (Падымае на руках, разглядае.) Здаецца, добра будзе — не мала і не вяліка, толькі яшчэ вяровачкі прывязаць. (Шукае і прывязвае.)

Сымон. Эх, кіньце, мамка, дзяцініцца! Душу ў мяне хочаце вырваць без пары — больш нічога! Не дасцё спакойна нават крыж тэты кончыць.

Марыля. Што, дзеткі? Я ж нічога! А што запас бяды не чыніць, то ты сам добра гэта ведаеш і разумееш.

Сымон (да Данілкі). Паглядзі, Данілка, якога крука крыж збіць, бо ўжо ўсё гатова — абгладзіў.

Данілка (шукае з сякерай, находзіць крук у бервяне і выдзірае). Вось зараз табе тэты кручок выдзеру: тата за яго — як віў путы — пяньку чапляў. (Падае крук Сымону, той абчэсвае і збівае крыж.)

Зоська. Калі ж ты панясеш яго, Сымонка?

Сымон. Калі? Сягоння! А нашто табе ведаць?

Зоська. Так сабе, пытаюся. Але ж гэта ўжо вечар на дварэ: поначы несці будзе нягодна?

Сымон. Няпраўда! Поначы лепей з крыжам ісці. Ніхто цябе не чэпіць і не зняважыць. Уночы, апоуначы панясу, але не ўдзень, бо удзень яшчэ і крыж мне выдзе-руць, як выдзерлі з сэрца і душы ўсё добрае і светлае. Уночы пайду з крыжам на магілкі, як відма якое з таго свету, каб аж нябожчыкам жудка было! Адзін тата мяне мой пазнае і радасна выйдзе ка мне на спатканне,— падзякуе за крыж і бласлауленне свае дасць мне на далейшую вытрываласць, на далейшую барацьбу з нядоляй. Бо ён, тата наш, інакшы, як усе нябожчыкі: ён не лёг з імі ў адным месцы, а зусім асобна захавауся ў сырой маці-зямельцы. І крыжык яму панясу я уночы, а не ўдзень, як гэта усім носяць і стаўляюць.

Марыля. Я з табою пайду, сынок! Яшчэ ж ні разу я, грэшная, не змагла сцягацца на яго магілку.

Сымон. Добра, мамка, панясем з табой! А ты, Зоська і Данілка, астаніцёся пільнаваць малых і хаты.

Данілка. Каб ты мяне і гвалтам гнаў, то я не пайду ўночы ды яшчэ з крыжам. Каб яшчэ ваўкі дзе з'елі або нябожчыкі напужалі.