Читать «Бары-бэры» онлайн - страница 5

Уладзімір Някляеў

Так, ён, Сяўко, мае гонар! Ён не Кашын, які ў лато гуляе! Ён ніколі да такога не апускаўся! А Кашын яшчэ і ў казіно бегаў! За якія такія, дазвольце спытаць, грошы? За свае? Адкуль у яго свае, калі Люба ў яго нават заначку выграбае?.. За тыя грошы, якія Сяўко яму за паўкватэры аддаў - вось за якія грошы Кашын разгуляўся! Паўкватэры ў казіно прасадзіў і захварэў! А то зараза ў яго...

Распаляў нутро падарункам сваім Кашын. Дапякаў. Астудзіць, заліць апёк нечым трэба было, але ж не піць... І не да скону ж муку праз шчодрасць кашынскую трываць. Разлічыцца трэба, пакуль не памёр, а чым?

Можа, карціну яму аддаць? Някрасава ў перыяд апошніх песень?.. Пасля таго, як карціна ўпала, Алёна яе й не вешала. Сказала ў падвал знесці. Гэта колькі гадоў прамінула... А карціны ў цане з часам толькі набіраюць. Тым больш - шэдэўры. Вунь за сланечнікі нейкія, Сяўко сам па тэлевізары бачыў, мільёны даюць, а тут пісьменнікі. Ды якія... Адзін Някрасаў на колькі пацягне, хоць і відаць, што хворы.

Някрасаў хворы. Кашын хворы.

Някрасаў памёр.

Сяўко схадзіў у падвал і прынёс карціну. Ачысціў яе ад павуціння і пылу. Паставіў на стол да сцяны, адышоў, глянуў - і здзівіўся. Але не з таго, што яго ўразіў схуднелы, белы пад белай прасцінай Някрасаў. Ён чамусьці запомніў, што каля Някрасава сядзяць Бялінскі, Міцкевіч і Дабралюбаў. Міцкевіч на канапе ў нагах Някрасава, а Бялінскі з Дабралюбавым - побач на зэдліках. Ці не: Дабралюбаў на зэдліку, а Бялінскі на крэсле. На гэтакім венскім, з гнутай спінкай...

Дык вось, нічога гэтага не было. Дакладней, яно ўсё было, але зусім не так, як помнілася. Дабралюбаў і Міцкевіч віселі на сцяне над канапай, адзін над левым плячом Някрасава - другі бліжэй да ног, а Бялінскі стаяў у галаве. І ён, Бялінскі, быў бюстам, а Міцкевіч з Дабралюбавым - партрэтамі. Бюстам і партрэтамі на карціне «М. А. Някрасаў у перыяд «Апошніх песень». Мастака І. А. Крамскога.

У падвале было сыравата - і карціна каля рамы ў тым рагу, якім Кашыну па галаве гвазданула, трохі абшалупінілася. Але праз тое яна здавалася яшчэ даўнейшай, яшчэ больш на шэдэўр выглядала. Нават шкада стала яе аддаваць. Ды нічога іншага, што мела б вартасць, роўную кошту паловы кватэры, у Сяўко не было. Таму ён абгарнуў карціну газетамі, абвязаў шпагатам і рушыў на вуліцу.

Ісці было няпроста. Калі спрабаваў несці карціну спераду, рама балюча біла па галёнках, ззаду - па лытках. Збоку адной рукой не ўтрымаць, дзвюма - спіну перакручвала. А ў яго радыкуліт. Ад радыкуліту, вядома, не памрэш, але праляжаць з ім можна болей, чым Кашын ляжыць са сваім... 3 чым сваім? Халера ведае, што ў Кашына за халера! Тут баішся, каб горш яму не стала, карціну прэш, шэдэўр, а там падхопіш што-небудзь... І прыйдзе Кашын адведаць?..

Дзверы кватэры, у якой жылі Кашыны, адчыніла незнаёмая жанчына ў халаце, худая і змораная.

«Сядзелку нанялі...» - падумаў Сяўко і спытаў:

- Гаспадар дома?

- Дома, - няветліва адказала сядзелка. - А вы хто? Выдавец?

Сяўко разгубіўся.