Читать «Бары-бэры» онлайн

Уладзімір Някляеў

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ

БАРЫ-БЭРЫ

Апавяданне

Аляксей Сяўко працаваў некалі з Вадзімам Кашыным у адным праектным інстытуце, дзе абодва яны масты праектавалі і абодва пазнаёміліся са сваімі жонкамі, Любай ды Алёнай, у той час яшчэ нявестамі. І вось днямі Алёна, жонка Сяўко, пачула ад Любы, жонкі Кашына, што той доўга і цяжка хварэў, ляжаў у шпіталі, адкуль яго выпісалі, бо ён безнадзейны - няхай дома памірае. «Як гэта - няхай дома памірае?..» - не зразумеў Аляксей жонку, а тая адмахнулася: «Скуль я ведаю, Люба так сказала! Мне бары-бэры...»

Алёна ад усяго, што ты ёй ні скажы, адмахваецца, махальшчыца... Усё ёй бары-бэры. Гэта Аляксей павінен быў заўважыць яшчэ тады, калі яны ў праектным інстытуце пазнаёміліся, але не заўважыў. Ажаніўся, двое дзяцей. Сын і дачка. Сын нібыта й не дурны, у бацьку, дык цяпер пазнавата заўважаць, што жонка ад усяго адмахваецца. Не той перыяд.

Яны, Сяўко і Кашын, абодва вяселлі, Аляксея з Алёнай і Вадзіма з Любай, як адно адгулялі. Так і ўдвая танней, і ва ўсім астатнім удвая выгадней было. Вось тады, на тым адным на двух вяселлі, яны дамовіліся сябраваць і ўсім, што будуць мець, дзяліцца.

Выпілі лішак - дык і дамовіліся. Але ж не адказваць усё жыццё за тое, што зрабіў некалі малады ды нападпітку...

Сяўко да гэтага так і ставіўся, а Кашын дамоўленасць тую ўспрымаў усур’ёз. Насамрэч дзяліўся. Ну, не ўсім і не заўсёды. Можна нават сказаць, што толькі аднойчы, калі ў лато аднапакаёўку выйграў. Тады Васілю, сыну Сяўко, які паспеў ажаніцца і дзіця займець, не было дзе жыць, дык Кашын выйграную аднапакаёўку саступіў. Не за так, за паўцаны, і яшчэ колькі Сяўко яму праставіў, а Кашын абы-што не п’е, таму нават дзіўна, што так цяжка захварэў, але ўсё адно: хто табе сёння за паўцаны сваю кватэру саступіць, калі яе можна здаць - і пі, колькі ўлезе. Не, Кашын усё ж, калі здаровы быў, у нечым дапамагаў і трэба было б яго, хворага, адведаць.

«Адведай, - адмахнулася Алёна. - Але во будзе, калі ты да яго прыйдзеш, а ён возьме ды памрэ!»

Сяўко пра гэта і сам думаў. Не думаў, праўда, што Кашын, калі ён да яго прыйдзе, адразу памрэ, а думаў, што раптам яму горш стане - і як тады быць? Не прыходзіў да яго Сяўко - было лепш, а прыйшоў - стала горш... Люба такога набалабоніць! Не толькі паўкватэры ў лато выйгранай, а ўсю драбязу паўспамінае. Калі цвік які браў Сяўко ў Кашына, яна і цвік згадае, яна такая...

Добра, што не з Любай ён ажаніўся. Хоць тое, што ажаніўся з Алёнай, не лепш. Але ж з некім трэба было ажаніцца. Калі б не ажаніўся, не было б сына... А не было б сына, дык не патрэбная была б тая, за паўцаны, кватэра! І нічога б Сяўко не быў Кашыну вінен! Усё добра было б, калі б не сын-абэлтус, які не тое што кватэру - куртку, куртачку для дзіцяці купіць не можа! Алёна ўчора ўвесь горад збегала, шукаючы, дзе танней. А куртачкі цяпер каштуюць - раней за такія грошы кватэры куплялі... І вось трэба да Кашына, бо Сяўко яму вінен, цягнуцца ў адведкі, гадаючы, горш ці лепш яму стане, памрэ ён ці не памрэ.

- А што ў яго... рак?.. - спытаў Аляксей жонку, і тая адмахнулася: «Нешта заразнае, мне бары-бэры».