Читать «Бары-бэры» онлайн - страница 7

Уладзімір Някляеў

- Паказвайце, паказвайце... - казаў, дапамагаючы развязаць шпагат, бо ў Сяўко трэсліся рукі, той, які быў у акулярах. Мусібыць, Дабралюбаў. Ці, можа, Бялінскі, Сяўко са школы іх блытаў. - Пабачым, як Іван Мікалаевіч справіўся з кампазіцыяй. У яго з гэтым, між намі кажучы, не надта. Партрэтыст-та ён партрэтыст, а вось што да кампазіцыі...

- Няпраўда! - горача перапыніў, мусібыць, Дабралюбава той, які быў з бародкай. Мусібыць, Бялінскі. - Іван Мікалаевіч геній кампазіцыі!

- Пабачым, пабачым... - не стаў спрачацца з, мусібыць, Бялінскім, мусібыць, Дабралюбаў, і Сяўко падумаў, што такія культурныя людзі маглі б і назвацца, калі б не былі гэткімі ганарлівымі і не думалі, што іх і без таго ўсе ведаюць. Ну, у школе, можа, і ведалі, але калі тое было... А цяпер, калі й разбярэшся, хто з іх хто, дык не ўспомніш, як каго зваць. Нават гэтага з бакенбардамі. Мусібыць, Міцкевіча. - Вось, калі ласка! - развязаўшы шпагат і садраўшы газеты, якімі абгорнутая была карціна, пераможна ўсклікнуў Дабралюбаў. - І дзе вы бачыце тут генія кампазіцыі?

Дабралюбаў, сеўшы на зэдлік і прысланіўшы карціну да канапы, на якой ляжаў нябожчык, звярнуўся чамусьці не да Бялінскага, які з ім спрачаўся, а да Сяўко, які маўчаў, усё глыбей усведамляючы тое, што бачыў, і ўсё болей не разумеючы таго, што ўсведамляў: гэтыя людзі ўсе, а не адзін Някрасаў, павінны былі памерці, бо яны даўным-даўно, яшчэ пра царызме, нарадзіліся! І на табе: жывыя, сядзяць у кватэры Кашына. А дзе Кашын, куды Кашын падзеўся?

Трэба шукаць Кашына. Выбірацца адсюль трэба, пакуль сам жывы. І шэдэўр, карціну забраць, хоць яна так сабе па кампазіцыі...

- Карціну вам не забраць, - прачытаў ягоныя думкі Бялінскі. - Бо яна не ваша.

Тое, што Бялінскі прачытаў ягоныя думкі, Сяўко, канечне, здзівіла, але не так, каб пакінуць нейкім штукарам карціну, якую нёс ён Кашыну.

- Яна мая! - цвёрда сказаў ён і Бялінскаму, і ўсім астатнім, падобным да рускіх літаратараў і польскага паэта ілюзіяністам, штукарам, якія, невядома скуль узяўшыся, пасяліліся ў кашынскай кватэры. - Яе мая жонка ў Піцеры купіла!

Бялінскі паківаўся на венскім крэсле.

- Цікава... І што яна рабіла ў Піцеры?

- Да брата ездзіла. Да стрыечнага. Ён у Эрмітажы...

Сяўко асёкся. Не расказваць жа, што стрыечнік Алёны скраў карціну з Эрмітажу.

- І не расказвайце, - неяк гадзенька ўсміхнуўся Бялінскі. - Карціну стрыечнік вашай жонкі не краў, бо не мог яе ўкрасці, працуючы электрыкам у Эрмітажы. Гэтая карціна з Трацякоўскай галерэі.

Логіка ў Бялінскага была дзіўная: чаму гэта электрык з Эрмітажу не можа ўкрасці карціну ў Трацякоўскай галерэі? Няхай нават тая галерэя ў Маскве, а не ў Піцеры - гэта Сяўко ведаў. Але тады выходзіць (і праз тое, мусіць, Бялінскі і ўсміхаецца гадзенька), што Алёна ездзіла не ў Піцер? У Маскву - і не да стрыечніка? І карціна - не ад яго?..

Бялінскі паскубаў бародку.