Читать «Бары-бэры» онлайн - страница 17

Уладзімір Някляеў

- 3 Кашыным пабіўся? - спытала Алёна, калі ён даплёўся дахаты. - Расквасіў яму нюрбалку?..

Чаму ён павінен з Кашыным біцца, калі той памірае?

- Бо ты даўно з ім пабіцца павінен быў, - пачула, нібы сама з той хеўры, ягонае маўклівае пытанне Алёна. - Як можна гэтак ненавідзець адзін аднаго ўсё жыццё - і ні разу не пабіцца?

Кашын павярнуў да яе фотаздымак.

- Ён памірае... Вось... Увесь аддзел развітацца прыйшоў.

Алёна зірнула на фотаздымак абыякава.

- Навошта такі вялікі?.. І скуль тут Зусман?.. Ён жа ў Ізраіль даўно з’ехаў. І гады два як памёр.

Сяўко ўгледзеўся ў Зусмана... На фотаздымку той быў нават жывейшы, чым тады, калі жыў.

- Жывы ён, яны ўсе жывыя... - пачаў Сяўко, падумаўшы: «Божа! Як даўно я, ды ніколі не гаварыў з ёй па-людску!..» - і адставіў карціну, каб падысці да Алёны, абняць яе, прысесці з ёй на канапу так, каб яна паклала галаву яму на плячо, пагладзіць яе валасы, спытаць: «Як ты, любая? Што было з табой сёння, раскажы... Са мной дык вось што было...» - але Алёна адмахнулася, махальшчыца: «Няхай і ўсе жывыя, і ён жывы, мне бары-бэры! - і ткнула пальцам у фотаздымак. - Вось і ўсё вашае жыццё. Занясі ў падвал, куды яно тут...»

Сяўко падняў цяжэнную раму, спусціўся ў падвал і доўга сядзеў там, гледзячы, як цэдзіцца пыл скрозь павуцінне на закратаваным падвальным акенцы і ўспамінаючы такую нечаканую, якая толькі аднойчы ў жыцці можа здарыцца, сустрэчу. Ён шкадаваў, што не скарыстаў шанец, не застаўся з Дабралюбавым, Бялінскім і Міцкевічам каля ложа Някрасава ў перыяд апошніх песень, тады б, можа, усе былі б жывыя - і Фёкла б не памерла.

Сакавік 2011 г.