Читать «Бары-бэры» онлайн - страница 4

Уладзімір Някляеў

Дурань Кашын. Мог бы жыць адзін у сваёй кватэрцы, ляжаў бы там і паміраў. Сяўко прыйшоў бы да яго, і ці лепш Кашыну праз тое стала б, ці горш - цьфу! Няма сведкаў. А Сяўко пра тое, што прыходзіў да Кашына, нікому б і не казаў. Ну, калі б той не памёр. А калі б памёр, давялося б сказаць. Вось, маўляў, прыйшоў адведаць, а тут такое... І пачалося б...

Тады што ж выходзіць? Тады выходзіць, што аддаў Кашын аднапакаёўку, ці сабе пакінуў - без розніцы. Як і тое, адведае яго Сяўко, ці не адведае...

Усё ў гэтым свеце ўсім бары-бэры?..

Не, трэба усё ж адведаць. Памрэ, не памрэ... Чаму ён павінен памерці? Ад якой заразы? Няма заразы на Кашына! Калі б яна была, Сяўко тую заразу даўно б Кашыну падсеяў.

Ён жывучы, гэты Кашын. Неяк яны выпівалі дома ў Сяўко, і Кашыну на галаву карціна ўпала. «М. А. Някрасаў у перыяд «Апошніх песень». Мастака І. А. Крамскога. Алёна з Піцера, тады яшчэ Ленінграда, прывезла. Ёй стрыечны брат, які ў Піцеры жыве і ў Эрмітажы электрыкам працуе, за 85 рублёў карціну прадаў. Прасіў 130, бо шэдэўр, толькі для сястры, і каб яна нікому ні гу-гу: арыгінал у музеі ён копіяй падмяніў. У Алёны зарплата 90, а тут - 130... Паўтары месяцы жыцця. За якую ты карціну паўтары месяцы пражывеш - хай сабе за арыгінал? Стрыечнік згадзіўся, што за карціну столькі не пражывеш, саступіў 45 рублёў - Алёна й купіла. Надта ж ёй карціна глянулася, на якой, апроч Някрасава перыяду апошніх песень, яшчэ й Дабралюбаў з Бялінскім ды Міцкевіч невядома якога перыяду. Карацей, амаль усе, каго Алёна праходзіла ў школе, дзе любіла літаратуру.

Карціна над сталом у гасцёўні вісела. Кашын сеў пад яе, пасунуўшы стол, бо яму, смарчку, цеснавата паміж сталом і сцяной здалося. Карціна сарвалася і дубовай рамай гвазданула Кашыну па чэрапе! Рогам рамы ў самае цемечка, як туды меціла! А Кашыну бары-бэры... Толькі пачухаўся ды нож да макаўкі прыклаў, каб гузака не было. І ўсё... Гузак, праўда, быў, але больш нічога. Дык з чаго гэта Кашын раптам памрэ, калі яго дубовай рамай не заб’еш? Ён у лато яшчэ двухпакаёўку выйграе, зараза!

Сяўко ніколі ў жыцці нічога не выйграваў. Зусім нічога - нават меднага пятака ў арлянку. Загадае на рэшку - выпадае арол, загадае на арла - выпадае рэшка. Ніводнага разу не здаралася інакш, ніводнага! Ну, можа, пару разоў і шэнціла. Толькі ў такой драбязе, у якой і вераб’ю шэнціць. І калі Кашын выйграў кватэру - так Сяўко запякло! Але ўдвая гарачэй прысмажыла, проста душу запаліла кашынская шчодрасць: на табе кватэру за паўцаны! Проста як у вочы плюнуў - так сваю шчодрасць кінуў, ведаючы, што Сяўко не зможа адмовіцца. Бо як адмовішся?.. Што тады сын скажа, якому з дзіцём і жонкай няма дзе жыць? «Купляй тады сам мне кватэру, - скажа сын. - Калі гонару столькі». І Алёна яшчэ дадасць з крывенькай сваёй усмешачкай: «Гонар маеш, а грошай няма...»