Читать «Бары-бэры» онлайн - страница 2

Уладзімір Някляеў

Во, яшчэ і заразнае... Кашын заўсёды любую заразу самы першы хапаў. Хоць птушыны грып, хоць свіны - Кашын тут як тут. І сам на бюлетэнь, а ты за яго працуй.

Вунь мост цераз Вяллю праектавалі, які абваліўся. Чаму абваліўся? Бо Кашын на свінку захварэў. Дзіцячую інфекцыю падхапіў! І залёг. Надоўга залёг, з ускладненнем нейкім... На ныркі, ці яшчэ на нешта - Сяўко ўжо забыўся. А ў інстытуце праектным, дзе яны разам працавалі, ён адзін, Кашын, і быў маставіком. Сяўко таксама маставіком быў, па адной спецыяльнасці політэхнічны скончылі, але... як бы гэта сказаць... не склалася на практыцы. І не толькі ў Сяўко не склалася. Апроч яго, у тым інстытуце праектным яшчэ трое маставікоў у штатным раскладзе значыліся. Усяго, з Кашыным, іх было пяцёра, а Кашын залёг з дзіцячай інфекцыяй - і мост цераз Вяллю абваліўся. Хоць дырэктар інстытута пры ўсіх, каб усе чулі, колькі разоў Кашыну казаў: «Кашын, цяпер інфекцыі ўсялякія, інфлюэнцыі, не цягайся ты абы-дзе!»

Зрэшты, дзе той Кашын цягаўся? 3 такой жонкай, як Люба, па інфлюэнцыях не пацягаешся... Але ж абавязак, адказнасць перад калектывам ён павінен быў адчуваць! Дык не, не адчуваў. Вось не было ў ім гэтага: адказнасці за калектыў. Нават тады, калі мост абваліўся.

Сяўко раптам злавіў сябе на тым, што думае пра Кашына як пра нябожчыка. «Не адчуваў, не было...» Няўжо памрэ? Ці ўжо памёр? Не, у інстытуце б ведалі, на вянок бы скінуліся. У інстытуце заўсёды, калі нехта паміраў, скідваліся на вянок. А Кашын і тут вырабляўся: «Я, можа, сам, асобна кветкі хачу купіць! Жывыя, а не папяровыя!» Дык ідзі купі, хто табе не дае? А на вянок скінься. Люба, якая ў прафкаме за нябожчыкаў адказвала, нават да тых, хто даўно ў інстытуце не працаваў і ўжо на пенсіі быў, хадзіла, каб яны скінуліся, бо калектыў ёсць калектыў. 3 яго на пенсію не выйдзеш, без яго не памрэш. Вунь Зусман у Ізраіль з’ехаў, калі мост абрушыўся. Якраз ён, Зусман, да гэтага моста, можна сказаць, і дачынення не меў, а з’ехаў. І ў Ізраілі памёр. Дык усё адно калектыў скінуўся на вянок - і на стол, за якім Зусман сядзеў, той вянок паклалі.

Вось цікава: памёр бы Зусман, каб у праектным інстытуце ў аддзеле маставікоў застаўся, ці не?.. Простае нібыта пытанне, а не мае адказу. Hiхто з маставікоў, апроч Зусмана, пакуль не памёр, але ж гэта не азначае, што i Зусман быў бы жывы.

3 таго моста цераз Вяллю грузавік зваліўся. Кіроўца патануў. Праз тое быў суд, і Кашын на судзе заявіў, што ён паспеў спраектаваць толькі апоры, якія стаяць, як стаялі, а да пралёту, які абваліўся, не мае, як і Зусман, ніякіх дачыненняў. Такая заява не толькі Сяўко, нікому, нават Зусману не спадабалася, бо ўвесь інстытут выступаў на судзе калектывам, а Кашын - сам па сабе. Яго загадзя папярэдзілі, што вінаватымі прызнаюць будаўнікоў, а не праектантаў, а ён усё адно - асобна. Як з тымі кветкамі на пахаванне. Але ж тут табе не нябожчыкі, калегі! Яны цябе на дні народзінаў запрашалі, ты з імі святы спраўляў! Ну, хоць бы жаночы дзень 8 Сакавіка... І што аказалася? Аказалася, Кашын даўно хацеў сказаць, што кваліфікацыя супрацоўнікаў інстытута нізкая, ім толькі прыбіральні прыдарожныя праектаваць - і то на адно ачко.