Читать «Бары-бэры» онлайн - страница 12

Уладзімір Някляеў

Чаму?

Бо штукары гэтыя ўлезлі ў кашынскую кватэру - вось чаму! Яны тут не гаспадары, а ўлезлі! Ды яшчэ ўказваюць, дзе яму сядаць! У Расіі сваёй указвайце! У Польшчы!

- Ніхто вам нічога не ўказвае, - не згадзіўся з ягонымі думкамі нябожчык. - Хочаце на зэдлік - сядайце на зэдлік. «Паміж Польшчай і Расіяй бульба беларуская!..» - раптам заспяваў ён, відавочна павесялеўшы і нібы забыўшыся, што памёр.

«Паперці б іх... - падумаў Сяўко. - Дык гуляць не будзе з кім. Ні прайграць, ні выйграць...» І ён сеў на зэдлік паміж Дабралюбавым, які заняў крэсла, і Міцкевічам, які застаўся на канапе ў нагах нябожчыка. Паміж Расіяй і Польшчай сеў. На сваё гістарычнае месца.

- Як заўсёды... - сказаў, дамяшаўшы калоду, нябожчык, даў Міцкевічу зняць і пачаў здаваць.

- Вы не падсеклі! - перахапіў ягоную руку Дабралюбаў.

- Падсек!

- Не падсеклі! - падтрымаў Дабралюбава Міцкевіч, і нябожчык перастаў спрачацца, сабраў карты і ўздыхнуў вінавата. - Круцель я, махляр! І зрабіць з сабой не магу нічога. Рускі... Давайце вып’ем.

«Падпаіць хоча, - падумаў Сяўко. - Каб не заўважалі, як махлярыць. Ну, жулік...»

- А вось і не! - узяў штоф і наліў кілішкі нябожчык. - Што жулік

- згодны, а выпіць хачу проста так. Проста хачу выпіць. - І ён падняў кілішак, але Міцкевіч проста так выпіць яму не даў, ускочыў са сваім кілішкам:

Бокал заздравный поднимая,

Ещё раз выпить нам пора

Здоровье миротворца края...

Так много ж лет ему.. Ура!

- і кінуў кілішак, зрабіўшы выгляд, што той з рукі выслізнуў, на падлогу, а Някрасаў сказаў услед Фёкле, якая аскепкі сабрала і на кухню панесла: “Вось бачыш, Фёкла, я оду напісаў Мураўёву, які беларусаў і палякаў вешаў, дык палякі мяне не любяць”, - і чокнуўся з Сяўко: “За Расійскую Імперыю!”

Сяўко выпіў - нічога з ім з таго кілішка, калі, канечне, нябожчык нечага не падсыпаў, не станецца - а пасля падумаў: «За якую імперыю? Няма ж ніякай імперыі. Была, калі Мураўёў беларусаў і палякаў вешаў, а цяпер няма...»

- Няма дык няма, - паставіў нябожчык кілішак. - Але ж выпілі.

Міцкевіч глядзеў на Сяўко здзіўлена.

- Выходзіць, беларусы тых, хто іх вешаў, любяць?.. Вы чаму выпілі за імперыю?

- Бо выпіць захацеў! - сунуў нябожчык Міцкевічу калоду, каб зняў.

- Дастаў ты мяне з гэтай одай, Адам! Амаль як Герцэн. - І спытаў не Міцкевіча, а Сяўко. - Вы як да Герцэна?.. Любіце?

Сяўко не ведаў, як ён да Герцэна. За што яго любіць? Ён што: маставік?

- Ён якраз думае, што маставік, - падсек калоду Някрасаў. - Будуе мост з Еўропай.

Пра Герцэна, які мост з Еўропай будуе, Някрасаў загаварыў, мусібыць, для таго, каб Міцкевіч ад Сяўко адчапіўся, але той не адчапляўся.

- Вас вешаў Сувораў, вешаў Мураўеў, - а вы.

Сяўко адчуў сябе няёмка. Не праз тое, што Сувораў з Мураўёвым беларусаў вешалі, а ён за імперыю выпіў, гэта ён машынальна, а што схапіўся за кілішак гэтак сквапна, нібы не піў ніколі. Лыкнуў чужое, як свайго няма.

- І не пераймайцеся! - здаў па першай карце нябожчык. - Халява заўсёды смачнейшая. Палякі таксама халяўшчыкі, толькі з пыхай.